Гомельцы прымуць удзел ва ўрачыстасцях кананізацыі Маці Тэрэзы ў Рыме

mac tarezaНа ўрачыстасці з нагоды кананізацыі Маці Тэрэзы, якія пройдуць 1-8 верасня ў Рыме, адправіцца група гомельцаў на чале з пробашчам рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці айцом Славамірам Ласкоўскім.

А сёстры ордэна Маці Тэрэзы (Місіянерак Любові), якія служаць у Гомелі — у адзіным у Беларусі Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы — не змогуць прыняць удзел ва ўрачыстасцях і будуць назіраць за кананізацыяй заснавальніцы ордэна праз інтэрнэт. Паказ онлайн-трансляцыі для сясцёр і жыхароў Дома міласэрнасці абяцалі арганізаваць парафіяне касцёла, паколькі самі манахіні, паводле свайго статуту, не маюць камп’ютараў і іншых тэхнічных сродкаў.

Маці Тэрэза прыйшла на свет як Аньезэ Гонджа Баяджыў 26 жніўня 1910 г. у Скоп’е, але Дзень нараджэння заўсёды святкавала 27 жніўня, калі яе хрысцілі. Ва ўзросце 18 гадоў яна ўступіла ў кангрэгацыю сясцёр ларэтанак. Праз год адправілася ў Індыю, дзе была настаўніцай у школе для дзяўчынак. Для служэння самым бедным і кінутым, заснавала ў 1949 г. Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці, якая ў цяперашні час налічвае больш чым 5 тыс. членаў у 133 краінах на ўсіх кантынентах. У 1963 г. Маці Тэрэза заснавала мужчынскую манаскую кангрэгацыю Братоў Місіянераў Любові. У 1979 г. яна была ўдастоена Нобелеўскай прэміі міру. Памерла 5 верасня 1997 г. у Калькуце. Ян Павел II абвясціў яе благаслаўлёнай 19 кастрычніка 2003 г.

katolik-gomel.by

для друку для друку