Гомельцы падтрымалі ідэю будаўніцтва другога ў горадзе касцёла

9d87a069489f64950d5506595641a422_LАбласная архітэктурна-горадабудаўнічая рада ухваліла канцэпцыю будаўніцтва каталіцкай святыні Ўнебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі на Рэчыцкім праспекце. У аснову такога рашэння леглі вынікі грамадскага абмеркавання праекта, інфармуе Адміністрацыя Савецкага раёна Гомеля.

Па афіцыйных дадзеных, у падтрымку ідэі будаўніцтва другога ў Гомелі касцёла паступіла 142 звароты, супраць — 6. Сябры архітэктурнай рады вывучылі довады праціўнікаў, але прыйшлі да высновы, што яны не супярэчаць горадабудаўнічым і іншым нарматывам, а таму не могуць служыць падставай для ўнясення змяненняў і дапаўненняў у прадстаўленую схему.

У выніку архітэктурна-планіровачную канцэпцыю дазволілі выкарыстоўваць пры распрацоўцы праектнай дакументацыі. Але з улікам пажаданняў мясцовага насельніцтва і спецыялістаў забудоўшчыку рэкамендавалі «разгарнуць» галоўны фасад будучага касцёла на праспект Рэчыцкі і максімальна захаваць зялёныя насаджэнні.

Пад аб’ект плануецца выдзеліць зямельны ўчастак плошчай 0,77 га на ўездзе ў Гомель з напрамку Калінкавічаў — у пачатку Рэчыцкага праспекта паблізу скульптуры «Рысь». Зараз працягваецца афармленне дакументаў для выдзялення ўчастка пад будаўніцтва храма.

Нагадаем, асвяціць краевугольны камень новага касцёла ў Гомеля папросяць Папу Рымскага Францішка.

katolik-gomel.by

для друку для друку