Гнеў. Як яго прыручыць?

Сёння мы дабраліся да складанай эмоцыі, сацыяльна забароненай, якую цяжка перажываць, але без сумневу важнай (памятаем жа, што кожная эмоцыя выконвае сваю значную функцыю?). Гаворка пра гнеў.

Гнеў – другая базавая эмоцыя, яна з’яўляецца вельмі хутка пасля нараджэння, ужо цягам некалькіх тыдняў ці месяца.

Гнеў – рэакцыя на перашкоды, энергія для абароны парушэння межаў. Гэту эмоцыю незаслужана ганьбяць, падаўляюць, часта саромяць за яе, сварацца. У дзіцячых казках ды байках не абыходзіцца без таго, каб падзяліць свет на чорнае і белае, на дабро і зло. Мы прызвычаіліся праводзіць паралелі між адмоўнымі персанажамі і пачуццямі раздражнення, незадаволенасці, злосці, ярасці, якія самі па сабе з’яўляюцца рознымі ступенямі ўсё той жа эмоцыі – гневу. Але давайце паспрабуем уявіць свет, дзе ніхто ніколі не злуецца, а значыцца, не мае энергіі для пераадолення перашкодаў, дасягнення мэтаў, для творчасці. У такім свеце ўсе будуць усміхацца адно адному і заўжды пагаджацца адно з адным.

Заставацца на працы да ночы праз дзень? Добра! Вядома! Нягледзячы на тое, што ад гэтага пакутуе сям’я. Пайсці вучыцца па спецыяльнасці, якая ніколі не падабалася? Так, так! Згаджуся дзеля бацькоў, хоць ніколі не палюблю сваю прафесію. Папрасіць, каб перасталі наступаць на нагу ў транспарце? Ды не! На гэта ж таксама павінна быць энергія супрацьстаяння. Прыклады жыццёвыя, праўда? Маленькае дзіця можа злавацца на маці, калі тая надоўга пакідае яго без сваёй прысутнасці. Яго злосць дапамагае яму выжыць і застацца здаровым, бо да пэўнага ўзросту без маці гэта проста немагчыма. Бясспрэчна, гнеў патрэбны людзям для рэгуляцыі стасункаў, для сігналізавання, што нешта не так, і для паляпшэння сітуацыі.

Гнеў становіцца сапраўднай праблемай, калі з’яўляецца моцнай рэакцыяй на нязначныя падзеі, калі можа нанесці фізічную ці псіхалагічную шкоду іншаму.

Заціснутая злосць (калі за эмоцыю каралі, сварыліся, саромелі, не дазвалялі выказваць) мае вялікую верагоднасць выявіцца праз цела, назавём гэту з’яву псіхасаматыкай. Гэта азначае, што нашае цела можа цалкам рэальна захварэць, калі псіхіка не знойдзе іншага спосабу паказаць, што адбываецца з асобай насамрэч.

Думаць, што ад гневу можна пазбавіцца, што існуюць людзі, якія ніколі не адчуваюць незадаволенасці, патрэбы сказаць пра свае хваляванні, нязручнасці, недапушчальныя дзеянні ў адносінах да сябе, – гэта вялікі самападман.

Але сапраўды актуальнымі застаюцца пытанні: як тады ставіцца да свах рэакцый, як паклапаціцца пра сябе і не параніць іншых, захаваць добрыя і камфортныя стасункі? Тут адказы могуць быць рознымі, у залежнасці ад кожнага чалавека, ад кожнай індывідуальнай сітуацыі. Варта ведаць, што злосць становіцца моцнай ці калі нам нанеслі адчувальную шкоду, ці калі мы панеслі значныя страты (злодзеі скралі ўсе нашыя ашчаджэнні, кіраўнік не плоціць абяцаны заробак, сябра здрадзіў і г.д.), ці калі эмоцыі проста назапасіліся з часам. Уявіце сабе ўнутраную шклянку, куды па кроплі набіраюцца розныя пачуцці цягам усяго нашага жыцця, пачуцці капаюць – шклянка напаўняецца, выйсця эмоцыям няма, месца таксама становіцца з кожнай кропляй менш і менш. Што ў выніку адбудзецца? Наша ёмістасць калісьці перапоўніцца, і ўсё назапашанае вялікім струменем бескантрольна пырсне навокал, залье ўсіх і ўсё. І тут ужо зусім няважна, што стане той апошняй кропляй: значная падзея ці не, важна будзе толькі тое, што ўсё перапоўніцца, эмоцыі перальюцца, карысныя рэакцыі стануць небяспекай.

Якое ж выйсце? Дастаткова простае ў тэорыі і складанае на практыцы: не назапашваць эмоцыі, выяўляць іх, прагаворваць у той момант, калі яны толькі зʼяўляюцца ў кантакце з іншым. Для гэтага трэба быць вельмі адчувальным да свайго стану. Задаваць сабе пытанні: “А што са мной зараз адбываецца? Што я адчуваю? Мне зараз добра, камфортна? Калі я злуюся, то на што канкрэтна? Крыўда на мужа, які так не да месца жартуе зараз? Ці я стамілася на працы і ўвесь мой гнеў выліўся на калегу, а мужу ўжо дастаецца па звычцы?”

Гнеў мае свае ўзроўні. Ён можа быць зусім маленькім, мы проста адчуваем невялікую незадаволенасць, можам адчуваць раздражненне, а можам быць у сапраўднай разʼюшанасці, калі сутыкаемся з бездапаможнасцю ці несправядлівасцю. Важна заўважаць свой гнеў ужо на стадыі раздражнення, ідэнтыфікаваць яго як злосць, зразумець, на каго і ў сувязі з чым ён узнік, і ў залежнасці ад сітуацыі падабраць спосаб і форму, як гэтую эмоцыю праявіць, каб не параніць іншых, але і сябе не разбурыць. Тады ў нас з’явяцца ўсе шанцы камфортна жыць са сваімі пачуццямі і нашымі бліжнімі.

Калі ў вас ёсць пытанні па гэтай тэме, пішыце на katalickivesnik@gmail.com, і мы паспрабуем разабрацца з імі.

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі