Глыбоцкія легіянеры аднавілі прысягу на вернасць Панне Марыі

23 сакавіка 2019 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбыўся ўрачысты штогадовы сход легіянераў Марыі Глыбоцкай курыі «Acies». Амаль 50 членаў Легіёна, актыўных і дапаможных, сабраліся разам, каб аднавіць прысягу на вернасць Каралеве Легіёну.

Спатканне распачалося з гімна і пачатковых малітваў легіянераў, затым «воіны Марыі» памаліліся ружанцам.

Кс. Яўген Міхайлаў, які з’яўляецца духоўным апекуном “воінаў Марыі” запрасіў да малітвы дабравольнай і свядомай, каб словы прысягі вымаўлялі са свайго сэрца. Святар узгадаў, што «Acies» — гэта асабістае і калектыўнае пацвярджэнне адзінству вернасці Легіёну.

Пасля агульнай малітвы кожны легіянер падыходзіў да алтара і, паклаўшы руку на сцяг Легіёна, уголас прамаўляў асабістае прысвячэнне: «Я цалкам духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе».

Галоўным пунктам сустрэчы стала св. Імша, якую кс. Яўген цэлебраваў за ўсіх легіянераў аб узмацненні ў веры, аб умацаванні ў служэнні, якое на сябе ўзялі, уваходзячы ў шэрагі Легіёну Марыі.

Сустрэчу ўдзельнікі прадоўжылі ў парафіяльным доме за кубачкам гарбаты.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку