Глыбоччыну наведалі байкеры з Польшчы

Польскія байкеры з таварыства Рэйду Усход-Захад прыехалі на глыбоцкую зямлю ў сераду 14 жніўня.

Перад гэтым яны наведалі парафію Езуса Міласэрнага ў Віцебску і парафію Святога Казіміра ў Лепелі, дзе спыніліся на начлег. На наступны дзень байкеры прыехалі ў Галубіцкую пушчу, на месца, дзе некалі знаходзілася польская пагранічная стражніца Каменны Воз. Тут на досвітку 17 верасня 1939 года гераічна загінуў яе камандзір Палчынскі.

Яго парэшткі былі знойдзеныя ў 2011 годзе жыхаром вёскі Хралы Віктарам Жаваранкам, 17 верасня таго ж года яны былі ўрачыста перапахаваныя на могілках у Глыбокім, побач з магіламі польскіх жаўнераў, што загінулі ў польска-савецкай вайне 1920 года.

Разам з байкерамі на стражніцу прыехаў і Уладзіслаў Краўчук, жыхар Варшавы, які і распавёў ім пра подзвіг польскага афіцэра. Спадар Уладзіслаў шмат зрабіў і робіць для таго, каб гэты геройскі ўчынак не быў забыты. Віктар Жаваранак таксама прыехаў на месца былой стражніцы, каб сустрэцца з польскімі гасцямі і разам ушанаваць памяць пра польскага пагранічніка, які восем дзесяцігоддзяў таму бараніў тут сваю Айчыну.

Пасля гэтага байкеры наведалі магілу Палчынскага ў Глыбокім, дзе таксама ўшанавалі яго памяць. Далей іх шлях ляжаў у Мёры, дзе яны сустрэліся з мясцовым краязнаўцам і гісторыкам Вітольдам Ермалёнкам.

Трэба адзначыць, што гэта быў ужо другі візіт польскіх гасцей. Першы раз яны прыязджалі на Глыбоччыну чатыры гады таму, у траўні 2015 года. Тады яны наведалі стражніцу Каменны Воз і месца пахавання вязняў глыбоцкай турмы, якія загінулі ад рук савецкіх канваіраў у чэрвені 1941 года пад Улай.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота і відэа

для друку для друку