Глыбокае: у Вялікі Чацвер святар абмыў ногі дванаццаці мужчынам

glybokaje_vial_czacver08Вялікі Чацвер – гэта дзень, калі Пан Езус падчас Апошняй Вячэры ўстанавіў сакраманты святарства і Эўхарыстыі.

У гэты дзень у касцёле адбываецца ўрачыстая святая Імша Вячэры Панскай. У парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Літургія распачалася працэсіяй, пасля якой словы віншавання і падзякі былі скіраванымі да святароў з нагоды Дня святарства.

Падчас гаміліі пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч асабліва акцэнтаваў на тры важныя моманты гэтага дня:

«1. Любоў. Апостал Ян вельмі добра зразумеў абрад абмыцця ног, таму ён адзіны з евангелістаў апісаў яго ў Евангеллі. Езус гэтым жэстам любові нам паказвае, як трэба любіць іншага чалавека.
2. Святарства. Кожны святар — гэта пасланне любові ад Бога. Маліцеся за сваіх святароў, каб змаглі вы ўбачыць і пазнаць Хрыста ў кожным святары.
3. Эўхарыстыя. Калі будзеце прыходзіць да Святой Камуніі з адкрытым сэрцам — дасведчыце сапраўднага Езуса», — падкрэсліў святар.

glybokaje_vial_czacver06

Пасля казання, адбыўся сам абрад абмыцця ног дванаццаці мужчынам. Кс. Мікалай схіляўся перад кожным мужчынам, каб абмыць ногі на ўзор Хрыста, які падчас Апошняй Вячэры ўчыніў гэта з апосталамі.

glybokaje_vial_czacver07

У гэты ж дзень двое хлопцаў упершыню прынялі ў сваё сэрца Цела Езуса ў Святой Камуніі.

На заканчэнне св. Імшы па традыцыі, Цела Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце было перанесена з галоўнага алтара ў Цямніцу, дзе будзе знаходзіцца аж да Вялікай Пятніцы, каб кожны парафіянін меў магчымасць адараваць Езуса хоць некаторы час.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку