Глыбокае: Святую Імшу на заканчэнне фестывалю «Магніфікат-2015» узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

glybokae_magnificat083 верасня – апошні дзень фестывалю. Распачаўся ён урачыстай святой Імшой у глыбоцкім касцёле, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB разам са святарамі.

У гаміліі біскуп Аляксандр звярнуў увагу на вельмі вялікую ролю СМІ ў сучасным свеце: “Нашыя сучасныя сродкі масавай камунікацыі, асабліва хрысціянскія, павінны навучыцца быць спачатку вернымі ў малым, а пасля стаць вернымі ў вялікім і памятаць, што нельга служыць двум гаспадарам. Трэба служыць аднаму гаспадару і мы жадаем служыць Пану Богу”.

glybokae_magnificat06“Якім павінен быць чалавек, каб гэта выканаць? У першую чаргу трэба быць чалавекам сумленным і адказным за свае словы і ўчынкі. Чалавек сумленны думае не пра самога сябе, а ў першую чаргу пра іншага. Кожны з вас, хто на гэтым фестывалі прадставіў свой фільм, не думаў аб матэрыяльным, колькі на ім можна зарабіць, а думаў у першую чаргу, каб перадаць другому пэўныя вартасці, якімі сам імкнецца жыць і заахвочвае да гэтага другога. Таму варта сёння сучасным хрысціянскім мас-медыя думаць не пра сябе, але пра другога чалавека.

Мы ведаем пра выказванне  “добрая навіна – ніякая навіна” сярод журналістаў. Менавіта “добрая навіна” ў сучасным свеце мае большую вартасць, чым іншыя навіны, якія ў большасці не фармуюць людзей, а наадварот дэфармуюць.

Каб быць верным у малым, служыць аднаму гаспадару, нам трэба быць пакорнымі. Сёння не хапае нам пакоры. Чалавек сёння больш задумваецца над тым, кім можа быць, але не над тым, кім сапраўды з’яўляецца.

І апошні адказ на пастаўленае пытанне прагучыць так: трэба быць мудрым і ведаць крыніцу мудрасці і чэрпаць яе ад Пана Бога. Сёння мудрасць неабходна перадаваць другому чалавеку, асабліва маладому, якога ўсе краіны называюць будучыняй народа і грамадства,” – заклікаў біскуп Яшэўскі SDB.

На заканчэнне Эўхарыстыі словы ўдзячнасці біскуп выказаў арганізатарам і ўсім удзельнікам фестывалю.

glybokae_magnificat21

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку