Глыбачанін Аляксандр Івашчонак атрымаў дыяканскае пасвячэнне ў Італіі ў ордэне тэатынцаў

10 лістапада 2016 года ва ўрачыстасць святога Андрэя Авэліно, святара і законніка з ордэна айцоў тэатынцаў*, у горадзе Неапаль (Італія) ў базіліцы Сан-Паола-Маджорэ з рук Яго Эксцэленцыі Джэннаро Акампы, дапаможнага біскупа Неапаля, глыбоцкі клерык Аляксандр Івашчонак атрымаў дыяканскае пасвячэнне.

Ва ўрачыстай Літургіі прынялі ўдзел генеральны вікарый ордэна тэатынцаў, правінцыял італьянскай правінцыі, настаяцель кляштара і базілікі Сан-Паола-Маджорэ, прадстаўнікі курыі і клеру дыяцэзіі Неапаль, архімандрыт Аўгустын з Маскоўскага Патрыярхату а таксама прадстаўнікі Армянскай супольнасці, шмат гасцей і сяброў з Польшчы, Іспаніі, Мексікі, ЗША, Аргенціны, Калумбіі, Шры-Ланкі, Філіпін.

Сваім спевам урачыстую Эўхарыстыю ўпрыгожвалі хор базілікі Сан-Паола-Маджорэ, саліст хору Душпастэрства Трыдэнцкай Імшы і прадстаўнікі хору Маскоўскага Патрыярхату.

Фота з уласнага архіву дк. Аляксандра Івашчонка

Даведка:

* Тэатынцы (ад лац. Ordo Clericorum Regularium vulgo Theatinorum — Кангрэгацыя рэгулярных клерыкаў Боскага провіду), CR — мужчынскі святарскі ордэн Рыма-каталіцкага Касцёла.

Ордэн заснаваны ў 1524 годзе па ініцыятыве Джанпьетра Карафы (пазней Папы Паўла IV) і святога Каэтана Цьенэ. Абодва належалі да брацтва Боскай Любові (Compagnia del Divino Amore) пры царкве св. Дароты. Ужо праз некалькі тыдняў абшчына была прызнана Папам Кліментам VII як ордэн, неафіцыйна іх звалі «тэатынцамі», паколькі першым яго кіраўніком быў біскуп Кьеці (лац. назва горада — «Theate», адсюль і назва ордэна) Карафа(пазней Папа Павел IV).

Асаблівасць тэатынцаў у тым, што іх ордэн не быў у поўным сэнсе манаскім, аднак членамі абшчыны станавіліся пасвечаныя святары, якія складалі ўрачыстыя манаскія шлюбы; аднак не сыходзілі ад свету, а працягвалі выконваць абавязкі парафіяльных святароў, нябудучы пробашчамі. Такім чынам, тэатынцы сталі першым ордэнам новага тыпу, так званых рэгулярных клерыкаў.

Росквіт ордэна прыйшоўся на XVII стагоддзе, у XIХ стагоддзі ордэн пачаў хіліцца да захаду.

У 2014 годзе да ордэна належаў 171 манах, з іх 141 святар, якія служаць у Італіі, Іспаніі, ЗША, Мексіцы, Калумбіі, Бразіліі і Аргенціне.

Падрыхтавала Марына Сінкевіч

для друку для друку