Гісторыя стварэння інстытута Упаўнаважаных Савета па справах рэлігій у БССР

Да 40-х гадоў ХХ ст. рэалізацыя канфесійнай палітыкі ў БССР ажыццяўлялася ў адпаведнасці з агульнымі дэкрэтамі першых дзесяцігоддзяў савецкай улады, напрыклад, з “Дэкрэтам аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы”. Аднак з цягам часу ўзнікла патрэба ў стварэнні асобнага органа, які б кантраляваў дзейнасць усіх царкоўных арганізацый. 14 верасня 1943 г. у СССР быў створаны Савет па Справах Рускай праваслаўнай царквы. 19 мая 1944 года быў створаны Савет па справах рэлігійных культаў (далей – Савет па СРК). Ён павінен быў займацца ўсімі неправаслаўнымі рэлігійнымі арганізацыямі: каталіцкім касцёлам, пратэстанцкімі цэрквамі і дэнамінацыямі, мусульманамі, іудзеямі і стараверамі.

Арганізацыя Савета па СРК была іерархічнай. На чале Савета пры СНК/СМ СССР знаходзіўся Старшыня (у Маскве), на месцах – Упаўнаважаныя (па рэспубліках і абласцях). У кожнай з абласцей БССР павінны былі працаваць упаўнаважаныя двух Саветаў: па справах Рускай праваслаўнай царквы і па справах рэлігійных культаў. У пасляваенны час усе рэлігійныя абшчыны (як на тэрыторыі Заходняй Беларусі, так і малаколькасныя на тэрыторыі Усходняй) павінны былі быць упісаныя ў савецкія рэаліі і арганізаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам у канфесійнай сферы. Менавіта гэтыя пытанні павінны былі вырашыць Савет па справах рэлігійных культаў і яго Упаўнаважаныя на месцах.

Да абавязкаў Савета па СРК і яго ўпаўнаважаных належала рэгуляванне адносін дзяржавы з неправаслаўнымі цэрквамі і арганізацыямі, распрацоўка праектаў заканадаўчых актаў і пастаноў па канфесійных пытаннях, назіранне за правільнай і своечасовай рэалізацыяй свецкага заканадаўства ў канфесійнай сферы, своечасовае інфармаванне вышэйшых органаў улады аб стане рэлігійных арганізацый, іх улік, складане інфармацыйных справаздач і г.д.

Кандыдатура на пасаду рэспубліканскага ўпаўнаважанага была падабрана досыць хутка, першым на яе быў прызначаны Пётр Маслаў. Нашмат больш пытанняў і праблем узнікала з фарміраваннем і дзейнасцю апарата абласных упаўнаважаных і падборы кандыдатур на гэтыя пасады. У адпаведнасці з зацверджанымі штатамі пры аблвыканкаме кожнай вобласці БССР створаўся апарат Упаўнаважанага па СРК, які складаўся з двух чалавек: непасрэдна Упаўнаважанага і сакратара-машыністкі. Супрацоўнікі апарата ўпаўнаважанага давалі падпіску аб неразгалошанні звестак, атрыманых на працы.

Пры падборы кандыдатур на пасады ўпаўнаважаных па абласцях на пачатковым этапе ўзнікаў шэраг цяжкасцяў. Перадусім не хапала хаця б нейкім чынам падрыхтаванах кадраў. Нягледзячы на неаднаразовыя прадпісанні, работу ў дадзеным кірунку ў абкамах і аблвыканкамах байкатавалі. У некаторых падбор адпаведным чынам падрыхтаваных кандыдатур не праводзіўся. У тых выпадках, калі работа ўсё ж вялася, яна часта не прыносіла вынікаў. Гэта адбывалася з розных прычын. Чыноўніцтва БССР у большасці сваёй не разумела і не ўспрымала неабходнасці дзейнасці Упаўнаважаных у савецкіх рэаліях. К. Уласевіч адзначаў: «Работу Уполномоченного Совета на местах в большинстве областей местные руководящие партийные и советские работники больше чем недооценивают». Падобным чынам на пачатку арганізацыі інстытута ўпаўнаважаных выказваліся і кіраўнікі абкамаў кампартыі, як, напрыклад, Бабруйскага – тав. Баранаў. Ён казаў: «Зачем Вас (упаўнаважаных – Р.З.) там держать, ведь попы как молились, так и будут молиться без вашего вмешательства, лучше бы Вы поехали в район области и провели посевную кампанию – это гораздо более полезно для государства».

Такое стаўленне ўплывала на тое, што некаторым упаўнаважаным не выдзялялі кабінетаў у будынках аблвыканкамаў. Так было з упаўнаважаным у Полацкай вобласці, якога ў 1945 г. выслалі ў Глыбокае, дзе ён і павінен быў працаваць. У Палескай вобласці з-за недахопу кадраў упаўнаважаны па справах рэлігійных культаў сваю працу выконваў па сумяшчальніцтве. Асноўным было кіраванне Палескім аддзелам паліўнай прамысловасці. Галоўная работа ўпаўнаважаных на пачатковым этапе заключалася ў рэгістрацыі рэлігійных аб’яднанняў і кантролі за іх дзейнасцю. У 1947 г. ва ўсходніх абласцях БССР гэтую пасаду скарацілі.

У 1965 г. пастановай Савета Міністраў СССР ад 8 снежня два Саветы (па справах Рускай праваслаўнай царквы і па справах рэлігійных культаў) аб’ядноўваліся ў адзін – Савет па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР, з захаваннем ранейшай структуры па рэспубліках і абласцях і асноўных кірункаў дзейнасці. У такім выглядзе ён праіснаваў да моманту распаду СССР.

Змест працы Упаўнаважаных вызначаўся спецыяльнай Інструкцыяй. Акрамя гэтага, як пісьмова, так і вусна на рэспубліканскіх і агульнасаюзных з’ездах упаўнаважаных ім даваліся распараджэнні і тлумачэнні, на што ў іх працы варта звяртаць увагу. Напрыклад, што датычылася каталіцкага касцёла: “Вам, работающим в западных областях БССР, где еще имеет большое влияние среди верующего населения римско-католическая церковь и ее служители – ксендзы, необходимо особое внимание уделять в своей работе деятельности католической церкви. На совещании в феврале месяце вы были ознакомлены с письмом Совета от 20 января за №53с, где говорилось о таких церковных организациях, как «терциарий», «ружанец» и вообще об активе верующих-католиков. Изучением деятельности таких организаций и групп следует вам по серьезному заняться, вести за ними наблюдение” (1947 г.). Асноўныя кірункі працы на год даводзіліся да рэспубліканскіх і абласных упаўнаважаных з Масквы. На месцах яны адаптаваліся пад лакальныя варункі. Напрыклад, сярод асноўных задач і планаў работы Савета па СРК і яго ўпаўнаважаных на 1959 год значыліся: “1) ограничение и прекращение паломничеств верующих к т.наз. «святым местам» (…); 5) Ограничение влияние Ватикана на деятельность католической церкви в СССР”.

Агулам да асноўных задач упаўнаважаных можна аднесці: уліковую, кантрольную, справаздачную. Першачарговай задачай, якая ставілася перад упаўнаважанымі, было выяўленне, улік і рэгістрацыя наяўных у абласцях і ўвогуле ў рэспубліцы абшчын. Таму першымі мерапрыемствамі, на якія накіроўвалася праца Упаўнаважаных па вабласцях, сталі акурат улікова-рэгістрацыйныя. Далей адбываўся кантроль дзейнасці духавенства, вернікаў і рэлігійных абшчын з абавязковай праверкай адпаведнасці савецкаму заканадаўству ў канфесійнай сферы.

Адной з важных задач упаўнаважаных было і выяўленне “настрояў духавенства”.

Само гэтае паняцце ў большай ступені ўключала не столькі адлюстраванне сапраўдных поглядаў і выказванняў святароў па тым ці іншым пытанні, колькі іх інтэрпрэтацыю ўласна ўпаўнаважанымі. Так, напрыклад, у 1967 г. упаўнаважаны па Мінскай вобласці Лагвіненка пісаў пра пробашча Касцяневіцкага касцёла ксяндза В. Жука: “По своим убеждениям Жук является большим националистом, активный сторонник Ватикана. В осторожной форме заискивает с молодежью с целью оказания на некоторую ее часть своего влияния. После Ватиканского собора он активно занялся совершением обряда конфирмации. На это же ориентировал и ксендзов соседних приходов. Очень хитрый и осторожный в поведении человек”.

Асобна ўпаўнаважаныя павінны былі выяўляць, даследаваць і адлюстроўваць у справаздачах “палітычныя настроі” духавенства, у тым ліку стаўленне да выбараў. Напрыклад, у 1947 г. было загадана: “Уполномоченным по всем областям. 9 февраля – день выборов в Верховный Совет Белорусской ССР. Поинтересуйтесь участием в выборах групп верующих и особенно руководителей общин и католического духовенства. После выборов будет проведено совещание уполномоченных западных областей, к которому вы должны будете подготовить доклады о состоянии и деятельности РКЦ”.

У абавязкі ўпаўнаважаных уваходзіў і збор і аналіз інфармацыі аб настроях духавенства ў сувязі са знешнепалітычнымі падзеямі. У 1949 г. у сувязі з працэсам над кардыналам Міндсэнці ў Венгрыі, які быў асуджаны да пажыццёвага зняволення, неабходна было высветліць, што вядома беларускім святарам пра гэта і іх адносіны да названага факту. Аб адной з такіх размоў гаворыцца ў справаздачы намесніка ўпаўнаважанага Луганскага з кс. С. Рыжко: “Последний (…) сказал, что он знает об этом процессе и приговоре только с одной стороны, т.е. по данным советской печати (получает и читает газету «Известия»), поэтому не может сделать вывод о виновности Миндсенти по отношению к существующему политическому строю в Венгрии, а отсюда и о справедливости вынесенного ему приговора. Этим Рыжко показал, что советской прессе он не доверяет и помещаемые в ней сведения за истину не принимает”.

Пасля ўводу войск у Чэхаславакію ўпаўнаважаным прадпісвалася звярнуць увагу на выказванні духавенства па дадзенай тэме.

Кс. Юзаф Марсангер SJ, пробашч парафіі ў Солах у савецкі час.

Былі атрыманыя наступныя звесткі: “Ксендзы Лазарь из Бреста, Марсангер из д. Солы считают, что мы не должны были вмешиваться в дела Чехословакии. «Пусть чехи и словаки, – говорят они, – строят социализм, какой им хочется» и т.д. (…) Из этого мы делаем выводы и принимаем меры по улучшению работы с духовенством”.

Упаўнаважаныя назіралі і за шараговай дзейнасцю духавенства і адлюстроўвалі гэта ў сваіх рэгулярных справаздачах. Упаўнаважаны Лагвіненка ў справаздачы за 1967 г. пісаў: “Было установлено, что за последнее время ксендзы Кучинский и Шубзда значительно активизировали свою деятельность в направлении приобщения детей, подростков к религии. Если до 1966 г. они в порядке совершения религиозных обрядов по просьбам верующих ограничивались крещением, венчанием и похоронами, то в прошедшем году они оба приступили к совершению такого вида таинства, как «конфирмация» (бежмование, миропомазание), которое даже по каноническому праву не является необходимым средством к спасению. Например, кс. Кучинский, сообщил, что он летом 1966 г. во время религиозного праздника «троица» привлек к конфирмации 200 человек верующих, из них до 20 человек были дети в возрасте 14-15 лет”. Выяўленне такіх фактаў уплывала на спробы абмежаваць дзейнасць духавенства, нават тую, якая ўпісвалася ў дазволеную савецкім заканадаўствам і не парушала яго (удзел у набажэнствах паўналетніх людзей). Тут асаблівая ўвага звярталася на сакрамант канфірмацыі, які святары пачалі масава ўдзяляць асабліва пасля ІІ Ватыканскага сабора. Упаўнаважаны Лагвіненка адзначаў: “Конфирмации подвергались в основном совешеннолетние лица женского и мужского пола. При этом ксендзы ссылались на решение Ватиканского собора, который якобы предоставил ксендзам право совершать обряд конфирмации. В результате проведенной разъяснительной работы (…) в текущем году случаев конфирмации не наблюдалось” (1967 г.).

Кардынал Казімір Свёнтэк, былы пробашч Пінскага касцёла, якога праслухоўвалі камуністычныя ўлады.

Адной з форм працы упаўнаважаных з’яўлялася таксама праслухоўванне пропаведзяў, што пасля адлюстроўвалася ў справаздачах: “Большое внимание уделяют ксендзы проповедям, которые они произносят непременно во все воскресенья и во все религиозные праздники. Всего в течение года ксендз произносит около 65 проповедей. Проповеди произносятся на польском языке, что затрудняет их прослушивание и изучение. Пространные проповеди любят произносить ксендз Пинского костела Свёнтэк и ксендз Брестского костела Лазарь”.

У казанні ксяндза Ю. Марсангера (в. Краснае) упаўнаважаны ўгледзеў падбухторванне да масавых мерапрыемстваў: “Последний во время богослужения, на котором присутствовали и католики из г.Минска, в своей проповеди, произнесенной в начале июня сего года, призывал католиков г.Минска не прекращать своей деятельности, связанной с открытием костела в г. Минске, подавать ходатайства по этому вопросу в правительственные органы, рекомендовал им организовать массовые шествия католиков и проводить другие мероприятия. Не случайно 25 июня сего года католики гор. Минска в количестве 70 человек явились на прием в Совет Министров БССР по вопросу открытия костела в городе”.

Найбольш аб’ектыўнымі дадзенымі ў дакументацыі ўпаўнаважаных з’яўляліся статыстычныя звесткі. Аднак і яны не ў поўнай меры адлюстроўвалі сапраўдны стан рэчаў, паколькі засноўваліся на дадзеных, якія давала духавенства, і на назіраннях. Напрыклад, у статыстычных звестках па асноўнай рэлігійнай абраднасці за 1969 г. адзначалася, што ў Гродзенскай вобласці ў праваслаўнай царкве ахрысцілі 3683 чалавек, удзелена шлюбаў – 79. У каталіцкім касцёле – хростаў 4969, шлюбаў 1319. Акрамя гэтых канфесій, у Гродзенскай вобласці дзейнічалі стараабрадцы беспапоўцы, якія, па звестках упаўнаважаных, ахрысцілі двух чалавек, евангельскія хрысціяне-баптысты, каторыя ахрысцілі сем чалавек. Мусульмане правялі дзесяць абрадаў нарачэння імем і ўдзялілі два шлюбы. У тым жа годзе ў Гродзенскай вобласці працаваў у праваслаўнай царкве 71 святар, былі 2 дыяканы, 38 псаломшчыкаў. У каталіцкім касцёле налічвалася 38 ксяндзоў, 1 прэсвітар АСД. Царква ЕХБ мела 23 пастараў, 31 прапаведніка, 18 дыяканаў”.

Аналізуючы статыстычныя дадзеныя, упаўнаважаныя адзначалі: “Но одной из главных причин роста религиозной обрядности и церковных доходов является активная деятельность духовенства, особенно католического, которое все еще оказывает значительное влияние на все слои населения. Так, например, в 40 костелах Гродненской обл. за 1968 год окрещено 5 000 детей, а в 77 церквах – 4 тысячи, обвенчалось в костелах 1 263 пары, а в церквах 122 пары. Такое же положение и в Минской области, где за истекший год в 13 костелах обвенчалось 230 пар, а в 49 церквах – 34 пары. Это объясняется не только религиозным фанатизмом католиков, но и активной деятельностью ксендзов, которые для усиления своего влияния используют все возможности, в т.ч. и такую, как посещение больных на дому.

В дер. Раков Воложинского района имеется один поп и один ксендз. Первый не посетил за год ни одного больного, а второй – 90 человек и т.д. В чем причина такой высокой активности духовенства католической церкви в сравнении с духовенством православной церкви?”

Савет па справах рэлігійнах культаў і яго ўпаўнаважаныя з’яўляліся органам, у сферу кампетэнцыі якога ўваходзіў кантроль дзейнасці рэлігійных абшчын неправаслаўных канфесій, у тым ліку каталіцкай. У 1965 г. гэты інстытут быў аб’яднаны з Упаўнаважаным Савета па справах РПЦ, і ад таго часу адзіны Савет па справах рэлігій займаўся ўсімі рэлігіямі і канфесіямі, якія дзейнічалі як на тэрыторыі СССР, так і ў Беларусі. Праіснавала гэтая структура да 1991 г.

Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы Нацыягальнага архіва Рэспублікі Беларусь

Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук (Мінск)

для друку для друку