Гісторыя пра Божую волю і чыстае сэрца ў сям’і Абрамавых

abramavy2Пра цуд аздараўлення ў сям’і Абрамавых я даведаўся выпадкова падчас гутаркі са святарамі ў Тракелях на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Тракельскай. Унікальны выпадак цяжкай хваробы маладога чалавека і выразны цуд, які зрабіў Бог у ягоным жыцці, зацікавілі мяне не толькі як рэдактара газеты, але як і душпастыра. І таму я накіраваўся ў Ліду, дзе жывуць маці і сын – Ірына і Яўген Абрамавы.

На пачатку нашай гутаркі лёгка было заўважыць сціпласць і няёмкасць маіх суразмоўцаў. Нічога дзіўнага. Не кожны дзень да цябе прыязджае журналіст, якому трэба даць сведчанне свайго жыцця. Пасля знаёмства я задаў першае пытанне, што непасрэдна датычылася самога цуду.

Медыцынскі прысуд

– Спадарыня Ірына, як сталася, што Ваш сын захварэў?

– Гэта было нечакана для нас усіх. Кісту на сэрцы Жэні лекары знайшлі ў сакавіку 2014 года, калі ён лячыў запаленне лёгкіх. Памеры гэтай кісты былі вельмі вялікімі. На той час – 4 на 5 см. А пазней хвароба стала хутка прагрэсаваць. Ужо ў красавiку памеры наросту на сэрцы былі 8,5 х 7,5 см і таўшчыня – 3 см.

– Захворванне гэтае з’явілася раптам ці яно было раней у сына і проста сябе не праяўляла?

– Лекары меркавалі, што кіста была ад нараджэння. Але Жэню ніколі не даймаў ніякі боль. Ён хадзіў на заняткі па фізкультуры, яму падабалася прымаць удзел у рыцарскіх турнірах, насіў даспехі нават. Ён рос, як усе дзеці. Нічога не ўказвала на хваробу аж да вясны гэтага апошняга навучальнага года ў школе. Тады кіста на сэрцы выпадкова была знойдзена ў выніку абследавання ў Гродзенскім абласным шпіталі.

Наступнае пытанне задаю ўжо сыну Ірыны:

– Жэня, але ж сімптомы ўсё роўна павінны былі паявіцца?

– Так, – адказвае ён. – Ужо калі знайшлі гэтую кісту на сэрцы, я перастаў займацца спортам і пачаў адчуваць цяжар у грудзях. Было цяжка дыхаць. Мы пачалі кансультавацца ў лекараў. Медыкі сказалі, што адзінае выйсце – гэта аперацыя. Яны былі здзіўленыя, што кіста вырасла ажно да такіх памераў. Звычайна яна бывае меншай і не турбуе сваім ростам. А таксама вельмі рэдка бывае размешчана на сэрцы.

Тут спадарыня Ірына ўстае і паказвае мне копію медыцынскага заключэння. Яно з Дзіцячага кардыёхірургічнага цэнтра РНПЦ “Кардыялогія” ў Мінску. Дакумент складзены 17 красавіка 2014 года. З яго вынікае, што Абрамаву Яўгену Вітальевічу пастаўлены дыягназ “Кіста перыкарда”. Медыцынскае заключэнне паведамляе: “Вдоль задней стенки ЛЖ, начиная со средней трети и до верхушки, лоцируется образование 7.5 на 8.5 см гипоэхогенное с включениями. Задняя стенка несколько прогибается в полость ЛЖ. Показана консультация детского хирурга для решения вопроса о дальнейшей тактике. При наличии показаний для оперативного лечения – госпитализация в детский кардиохирургический центр.

abramavy1

Сухія словы медзаключэння чытаюцца як прысуд. Нават мне, зусім не абазнанаму ў пытаннях медыцыны, становіцца зразумелым, што дыягназ Жэні – вельмі сур’ёзная справа.

“Мы не прасілі ў Бога здароўя…”

– Як вы ўспрынялі гэтую хваробу? – пытаюся ў Ірыны і яе сына. Пасля маленькай паўзы адказвае маці:

– Гэта было вялікае выпрабаванне для нас. Мы, канешне, пачалі звяртацца да лекараў, але найбольшай нашай падтрымкай была малітва і вера. Мы – людзі, якія вераць. Я і Жэня кожную нядзелю ходзім у касцёл. Таму ў такой сітуацыі нельга было без даверу да Бога. Мы Яму даверылі ўсё. Ездзілі ў Сакулку – у Польшчу, дзе знаходзіцца цуд Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Там маліліся. У сябе ў парафіі, у Росі – у Гродзенскай дыяцэзіі падчас рэкалекцый – і прасілі аб малітве усіх знаёмых святароў і блізкіх людзей.

– Вы прасілі здароўя для Жэні?

– Не. Здароўя мы не прасілі. У малітве гучала толькі просьба аб выкананні Божай волі. І я, і Жэня разумелі, што Бог лепш ведае, чаго нам найбольш не хапае. Але хачу зазначыць, што такая малітва ў нашай сям’і была заўсёды. Мы і ў Рось ездзілі на рэкалекцыі раней – яшчэ да таго, як даведаліся пра хваробу.

Цудоўнае аздараўленне

– Жэня, пытаюся ў хлопца, – а дзе адбылося само аздараўленне?

– Гэта адбылося ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі падчас супольнай малітвы з кс. Джонам Башаборам з Уганды, які праводзіў там рэкалекцыі (7-8 чэрвеня 2014г. – заўвага аўтара). У пэўным моманце мяне паклікаў кс. Юрый Кузьміч, які ведаў пра маю праблему, і мы разам з ім падышлі да ксяндза Джона. Святар паклаў мне на галаву рукі і маліўся каля дзвюх хвілін. Падчас малітвы я адчуў, як унутры мяне разліваецца цяпло. Урэшце ён сказаў: “Падзякуй Богу, ты аздароўлены”. Але пазней ён дадаў, што хвароба не адступіць раптоўна. На гэта патрэбны час. І сапраўды, праз два дні я быў на абследаванні, якое паказала, што кіста ёсць, але паменшылася. Мы зноў маліліся аб выкананні Божай волі і адначасова слухалі, што скажуць лекары. А яны былі няўмольныя: неабходная аперацыя. Мы паехалі ў Мінск, дзе ў мяне ўжо пачалі браць аналізы. Я разумеў, што гэта падрыхтоўка да аператыўнага лячэння…

Аповед працягвае спадарыня Ірына: “І тут адзін доктар сказаў: “Неабходна яшчэ раз глянуць на кісту”. Падключылі адзін апарат – на маніторы нічога няма. Здымкі нічога не паказваюць. Доктар нават крыху раззлаваўся, што, пэўна, сапсаваўся апарат. Падключылі іншы – той таксама сведчыць, што кісты на сэрцы няма. Гэта пры тым, што на яе наяўнасць указвалі нават тэхнічна менш дасканалыя апараты ў Лідзе. А тут найлепшая тэхніка ў сталіцы паказвае адно: захворвання няма”.

Сп-ня Ірына паказвае мне яшчэ адзін медыцынскі дакумент. Гэтым разам – з “1-га гарадскога клінічнага шпіталя” ў Мінску з аддзялення ультрагукавой дыягностыкі. Пратакол абследавання на імя пацыента Абрамава Яўгена Вітальевіча ад 25 чэрвеня 2014г. Заключэнне абмяжоўваецца адным сказам: “Патологических, объемных образований со стороны плевральных полостей не выявлено.

 Каго слухае Бог?

–  А што на гэта лекары? – пытаюся. Распавядае спадарыня Ірына: “Адзін з іх спачатку сказаў: “Я не веру ва ўсе гэтыя штучкі вашых цаліцеляў”. Але пазней у яго вырвалася літаральна наступнае: “Калі я ўжо і паверу ў Бога, то хіба толькі цяпер”. Дарэчы, нам усё роўна назначылі яшчэ адну сустрэчу для абследавання. Я разумею дактароў. Яны перажываюць за Жэню таксама і хочуць да канца быць ва ўсім упэўненымі.

Узрушаны гісторыяй гэтай пабожнай сям’і пытаюся ў сп-ні Ірыны: “На рэкалекцыі ў Рось і наогул у касцёлы ў Беларусі прыходзяць тысячы людзей. Многія просяць аб здароўі, але Бог аздаравіў менавіта Жэню. Што Вы пра гэта думаеце?” Сп-ня Ірына задуменна адказвае: “Не ведаю, чаму так. Мы маліліся аб выкананні Божай волі ў нашым жыцці. І мы былі гатовыя прыняць гэтую хваробу, калі б такая была Божая воля. Важна ўмець прыняць тое, што дае табе Бог”.

– Сп-ня Ірына, што б Вы хацелі сказаць тым людзям, якія чакаюць ад Бога нейкага цуду?

– Хачу пажадаць ім, каб максімальна даверыліся Богу, каб хацелі выканаць Яго волю ў сваім жыцці. Тады ніякія выпрабаванні не будуць страшнымі. І, канешне, хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім нашым сябрам, знаёмым, блізкім, хто маліўся за Жэню, хто нам усяляк спачуваў і дапамагаў. Вельмі важная такая людская салідарнасць у бядзе.

Напрыканцы нашай размовы Жэня падзяліўся сваімі планамі на жыццё. У гэтым годзе ён паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне і збіраецца стаць святаром. Гэта яго даўняя мара – яшчэ з 9-га класа.

Што ж… Гэта адважны і высакародны ўчынак, на які здольнае толькі чыстае і добрае сэрца.

 abramavy3

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

для друку для друку