Гісторыя парафіі Камень-Губіна

Дзякуючы ксяндзу Язафату Жыскару (1868 – 1919 гг), які даследаваў гісторыю каталіцкіх парафій на беларускіх землях, а таксама айцу-капуцыну Яну Фібеку, каторы ў сучасны час займаецца вывучэннем гісторыі каталіцкіх парафій у Беларусі, да нас дайшлі некаторыя звесткі пра святыні і парафіі, занядбаныя за гады панавання савецкай улады.

Парафія Камень-Губіна Лепельскага дэканата раней называлася проста Камень. З цягам часу касцёл у Камені зліквідавалі, засталася толькі невялікая капліца, дзе жылі старыя святары. Саму ж парафію перанеслі ў велічную святыню Губіна, што пачала існаваць з 1833 г. на месцы зачыненага кляштара айцоў-францішканаў.

Вялікі мураваны касцёл у Губіне пад імем святога Антонія быў пабудаваны ў 1714 г. на грошы полацкага стольніка Яна Пакоша. Святыня мела форму крыжа і тры алтары. Самы вялікі алтар – Найсвяцейшай Панны Марыі – быў аздоблены разьбянымі ўпрыгожаннямі. Таксама ўвагу прыцягваў і бакавы алтар Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай. Парафіяне хацелі адчыніць школу для дзяцей непадалёку ад касцёла, але нічога з гэтага не атрымалася.

Першым пробашчам стаў ксёндз Францішак Нарвош, які, нягледзячы на абвінавачванне ва ўдзеле ў паўстанні 1864 г., усё ж атрымаў дазвол далей працягваць працу ў гэтай парафіі. А сама парафія была вельмі вялікая, бо ў яе ўваходзіла яшчэ некалькі раней скасаваных парафій: Чашнікі, Кублічы, Белы Камень. Налічвала яна 1815 вернікаў. Гэта і простыя людзі, і заможныя шляхецкія роды, напрыклад, Рэуты, Корсакі. Іх продкам некалі каралі падаравалі тут землі за нясенне вайсковай службы.

Большасць парафіян была з дробнай шляхты-арандатараў. Асноўная частка католікаў жыла каля Чашнік, бо там людзі мелі працу і грошы ад папяровай фабрыкі пана Сялявы. Парафія з цягам часу станавілася ўсё меншай, бо многія з’язджалі ў Амерыку ў пошуках лепшай долі.

Сярод святароў, якія працавалі ў парафіі, вядомыя наступныя: кс. Валерыян Нехведаровіч (1868-1869); кс. Людвік Бем (1881-1882); кс. Дзіянізій Сямашка (1883-1892); кс. Станіслаў Цыбулевіч (1896-1897); кс. Міхал Бужыцкі (1898-1899); кс. Юзэф Альшэўскі (1900-1902). На працягу 1902-1919 гг. пробашчам з’яўляўся кс. Фелікс Зарэмба.

кс. Фелікс Зарэмба

У 1907 г. парафія Камень-Губіна належыла да Лепельскага дэканата і налічвала 1.770 католікаў. Сюды ўваходзілі такія мясцовасці, як Камень, Белае, Іванск, Павулле, Суша і Арэхаўна. Ксёндз-пробашч Фелікс Зарэмба пакінуў парафію ў 1918 г. пасля ліхалецця – Кастрычніцкай рэвалюцыі, у хуткім часе памёр ад цяжкай хваробы. Вядома, што яшчэ перад Першай сусветнай вайной у кляштары захоўваліся багаты архіў і бібліятэка, якая засталася ад былога ордэна айцоў-францішканаў.

У 1919-1926 гг пробашчам парафіі Камень-Губіна з’яўляўся кс. Юзэф Барадзюля. Гэты святар успамінаў, як прыехаў на першую Імшу напярэдадні свята Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі 7 снежня 1919 г. Католікоў было ўжо няшмат, яны жылі ў розных вёсках. Засталася яшчэ капліца ў Камені. Цяжка вельмі было несці людзям Божае слова, бо ў гэтыя гады святароў савецкая ўлада пераследавала, вінаваціла ў шпіянажы і антысавецкай дзейнасці.

29 снежня 1926 года ксяндза Язэпа Барадзюлю, пробашча парафій у Бешанковічах, Ушачах і Камені-Губіне, арыштавалі і асудзілі на 25 гадоў турмы. Сваё жыццё ён правёў у савецкіх лагерах: на Салаўках, у Архангельску, Сыктыўкары, Сібіры. У савецкія часы набажэнствы ў парафіі Камень-Губіна былі забароненыя.

З некалі былога велічнага касцёла засталіся толькі вежа і рэшткі муроў. Сёння былая тэрыторыя парафіі Камень-Губіна належыць да каталіцкай парафіі ў Лепелі.

Наталля Мізярска, гісторык

для друку для друку