Гістарычны Вялікдзень у Гомелі: упершыню – у двух касцёлах

Гістарычнай падзеяй назваў біскуп Казімір Велікаселец сёлетняе святкаванне Вялікадня ў Гомелі. Упершыню Пасхальны трыдуум распачаўся ў горадзе адначасова ў двух касцёлах.

Літургія адбываецца ў касцёле Нараджэння Маці Божай і капліцы на месцы будоўлі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Нагадаем, у 500-тысячным Гомелі – другім па колькасці беларускім горадзе – да гэтага часу ёсць толькі адзін каталіцкі храм, які ў 2000 годзе асвяціў кардынал Казімір Свёнтэк. Але па ініцыятыве дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца летась у горадзе распачалі будоўлю другой па ліку святыні – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – гэтак жа называўся касцёл, які быў узарваны бальшавіцкай уладай у 1940 г. Такім чынам, у Гомелі была адноўлена гістарычная парафія. Праўда, новы касцёл будуецца не на месцы ўзарванага – на цяперашняй плошчы Леніна, а на ўскрайку горада ў Савецкім раёне, бо гэты ўчастак быў выдзелены ўладамі. Капліца на месцы будоўлі пачала функцыянаваць у лістападзе 2018 года. І сёлета ўпершыню адроджаная парафія святкуе тут Уваскрасенне Хрыстова.

Падчас цэлебрацыі ў Вялікі Чацвер біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся да парафіянаў у гаміліі і падкрэсліў, што яны з’яўляюцца сведкамі гістарычнай падзеі. Паводле біскупа, камуністы, атэісты, якія спрычыніліся да руйнавання святыні, цяпер стаяць перад Богам і адказваюць за свае дзеянні. Напэўна, яны мучаюцца згрызотамі сумлення і радуюцца таму, што іх памылку выпраўляе цяперашняе пакаленне. Біскуп Казімір заклікаў вернікаў маліцца за ганіцеляў тагачасных гомельскіх католікаў і дзякаваць Богу за тое, што парафіяне пераадолелі столькі перашкодаў і выстаялі, захавалі веру, перададзеную ад бацькоў і дзядуляў, бабуляў, дачакаліся аднаўлення парафіі.

У Вялікую Пятніцу ў капліцы адбыўся Крыжовы шлях і літургія. Увечары ў суботу вернікі збяруцца на Пасхальнай Вігіліі – паралельна з парафіянамі касцёла Нараджэння Маці Божай.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку