Гінеколаг Анастасія Кавалеўская пра аборты: “Забойства нельга апраўдваць!”

Урач-гінеколаг Анастасія Кавалеўская, якая працуе ў акушэрскім аддзяленні Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы, у сённяшнім нумары расказала “Каталіцкаму Весніку”, чаму яна адмовілася рабіць аборты.

ginekolag-anastasija

– Анастасія, па якой прычыне вы асабіста адмовіліся рабіць аборты?

– Я адмовілася ад правядзення абортаў, бо з’яўляюся верніцай. А, як вядома, для кожнага хрысціяніна аборт – гэта цяжкі грэх забойства.

– Ці шмат увогуле ў Беларусі медыкаў, якія, як і Вы, супраць перарывання цяжарнасці?

– У нашай краіне шмат такіх лекараў, якія супраць аборту, але катэгарычна выступаюць супраць перарывання цяжарнасці нямногія. Так склалася, што зараз, на мой погляд, мы больш займаемся пытаннямі нашых сем’яў, нашага жыцця…

– А як рэагуе кіраўніцтва на Вашае рашэнне?

– Былі ў нашым калектыве непаразуменні і незадаволенасць з боку калег. Я ні ў якім разе не асуджаю іх і не чакала іншага. У маім калектыве асабіста я не сустрэла ніводнага доктара, хто б хацеў рабіць аборты. Мне вельмі шкада, што доктар праз свае службовыя абавязкі павінен рабіць падобныя маніпуляцыі. Мне вельмі шкада таксама, што ў нашай дзяржаве можна не праводзіць абортаў толькі ў выпадку, калі ёсць той, хто іх зробіць. Гэта вельмі няправільна, на мой погляд, і не вырашае па сутнасці праблему.

Прабачце за просталінейнасць, але мае рукі таксама ў крыві, і я перад вачамі Бога такі ж доктар, як і мае калегі, каторыя робяць аборты. Я нястомна задаю пытанне: чым адрозніваюся я, якая не робіць аборты, ад сваіх калег, што іх робяць? Бо ведаючы, што адмоўлюся я, за мяне гэта зробіць іншы. Гэта вялікі грэх і мой. І я вельмі хацела б, каб гэтага не рабіў ніхто.

Хочацца выказаць таксама словы ўдзячнасці майму навуковаму кіраўніку, загадчыку аддзялення Алегу Мікалаевічу Малаху, які вельмі тактоўна і талерантна падтрымаў мае перакананні.

– Наколькі гэта складана – адгаварыць жанчыну ад перарывання цяжарнасці?

– Менавіта для мяне адгаворваць ад аборту жанчын – самае цяжкае заданне. Нават магу сказаць, што гэта выпрабаванне. Я працую гінеколагам адзін год і адгаварыла ад перарывання цяжарнасці пакуль толькі дзвюх жанчын. Вельмі шкада таксама, што сярод тых, што прыходзяць рабіць аборт, ёсць і верніцы. На жаль, пад гнётам апраўданняў жанчыны ідуць на аборт. І вельмі шкадуюць пасля.

– Ці ёсць, на Ваш погляд, абставіны, якія б апраўдалі аборты?

– Кожная жанчына і кожны мужчына, якія робяць выбар на карысць перарвання цяжарнасці, прапануюць сабе і ўрачу вельмі шмат абставін, што апраўдваюць аборт. Але я заяўляю катэгарычна: такіх абставін няма! Забойства нельга апраўдваць, і нават спрабаваць знайсці апраўданні.

– А з якой прычыны часцей за ўсё беларускія жанчыны ідуць на аборт?

– Ведаеце, бясконца можна пералічваць і ўспамінаць тыя прычыны, па якіх жанчына перарывае цяжарнасць. Часцей за ўсё – гэта нечаканасць, матэрыяльная незабяспечанасць, мнагадзетнасць, малады ўзрост, адсутнасць мужа ці падтрымкі ад яго і сям’і, незакончаная вучоба і шмат іншага.

– Якую ролю ў захаванні жыцця дзіцяці адыгрывае мужчына?

– Мужчына можа даць жанчыне больш, чым хто іншы. Цвёрдае рашэнне, моцнае плячо і надзея ў той час, калі жанчына стаіць перад такім сур’ёзным выбарам у жыцці. Мне здаецца, што 70 % абортаў магло б і не быць, каб кожная жанчына мела такога мужчыну ў сваім жыцці.

– Анастасія, скажыце, якія наступствы могуць чакаць жанчыну, што робіць аборт?

– Амаль усе жаночыя хваробы могуць быць наступствамі аборту, асабліва такія цяжкія, як бясплоддзе і хваробы анкалагічнага характару. Аднак, я думаю, самае цяжкае пасля аборту тое, што жанчына на ўсё жыццё траціць сябе як чалавека, як жанчыну, як маці для тых дзяцей, якія ўжо ёсць. Яна мае шмат псіхічных і псіхалагічных праблем.

– Ці аказваецца ў смаргонскай бальніцы кансультаванне для тых, хто вырашае перарваць цяжарнасць?

– У мінулым годзе ў нашай бальніцы адказныя асобы разглядалі варыянты кансультавання жанчын, якія вырашаюць перарваць цяжарнасць. Пакуль толькі існуе абавязковая кансультацыя псіхіятра і псіхолага перад тым, як жанчына зробіць свой выбар. Але ўсе разумеюць, што гэтага недастаткова. Каб забяспечыць для нашых жанчын эфектыўнае і поўнае кансультаванне ў такім невялікім горадзе, як Смаргонь, патрэбны сродкі і час.

– Што б вы параілі жанчынам, якія стаяць перад выбарам і не ведаюць, што рабіць: або захаваць жыццё, або перарваць цяжарнасць?

– Дарагія жанчыны! Вы цудоўныя ва ўсіх сваіх праявах. Вы створаныя для таго, каб даць і працягваць жыццё на Зямлі. Ніколі нічога не бойцеся, верце ў сябе, верце ўсім сэрцам, што ў мацярынстве няма нічога цяжкага і сумнага. Мацярынства – гэта радасць, якая напаўняе вас кожны дзень, праз усе цяжкасці, стомленасць і безвыходнасць. Вашы дзеці – гэта тыя людзі на Зямлі, якія будуць любіць вас і шчыра маліцца, незалежнага ад таго, спатыкняцеся вы ці не. Прыгожая, разумная, таленавітая вы ў вачах іншых ці не. Яны будуць любіць вас заўсёды!!! Усміхаючыся або плачучы, радуючы вас ці засмучаючы, яны ва ўсім сваім існаванні праяўляюць любоў да вас.

Адкіньце страх, боязь, неразуменне, вазьміце ў свае залатыя, матчыны добрыя рукі адказнасць за жыццё вашага дзіцяці. Нават калі ўвесь свет адвернецца ад вас, ЗАХАВАЙЦЕ СВАЁ ДЗІЦЯ, і Бог дабраславіць Вас! Вы жанчыны, вы душа нашага чалавецтва!

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку