Герой ЧЕ-2016 паляк Куба: Галоўнае для мяне — штодзённая Імша

jakubczeГулец зборнай Польшчы прызнаўся, што яму дае сілы.

У сацыяльных сетках з’явіліся дэматыватары з выказваннем паўабаронцы зборнай Польшчы па футболе, якая прабілася ў 1/4 фіналу турніру і 30 чэрвеня пазмагаецца за выхад у паўфінал з камандай Партугаліі. У чвэрцьфінал палякі прайшлі ў тым ліку дзякуючы голу паўабаронцы Якуба Блашчыкоўскага. «Важней за ўсё для мяне — штодзённая Эўхарыстыя і чытанне Божага Слова. Часта ўсё звычайна, па-чалавечы, мне нічога не хочацца. Але малітва дае мне сілу, і я стараюся не забываць пра яе», — карцінкі з такімі словамі вядомага футбаліста, які дапамагае перамагаць зборнай Польшчы, сталі распаўсюджваць у Фэйсбуку і Твітары.

Якуб Блашчыкоўскі (вядомы па мянушцы Куба) нарадзіўся ў 1985 годзе ў вёсцы паблізу знакамітага польскага горада Чэнстахова. Калі Якубу было 10 гадоў, бацька забіў яго маці, для Якуба гэта стала такім шокам, што ён перастаў наведваць футбольныя трэніроўкі і нават школу. Пасля смерці маці выхаваннем Якуба занялася яго бабуля, якая стала для яго другой маці. У 2011 годзе бацька Якуба выйшаў на волю, аднак футбаліст адмовіўся кантактаваць з ім. Тым не менш у траўні 2012 года, калі яго бацька памёр ва ўзросце 56 гадоў, ён прыйшоў на пахаванне.

У апошнія гады Якуб Блашчыкоўскі гуляе ў дортмундскай «Барусіі» і «Фіярэнціне» (Фларэнцыя).

katolik-gomel.by

для друку для друку