Кс. Генры Нувэн аб малітве з моцна сціснутымі кулакамі

Малітва — справа не простая. Яна патрабуе адносін, у якіх ты дазваляеш камусьці яшчэ, акрамя цябе самога, увайсці ў самы цэнтр тваёй істоты, увайсці і ўбачыць тое, што ты хацеў бы пакінуць у цемры, і дакрануцца да таго, да чаго ты б не хацеў дакранацца.

На самай справе, навошта табе гэта рабіць? Ты, магчыма, дазволіў бы камусьці пераступіць парог твайго «ўнутранага жылля», каб убачыць нешта, дакрануцца да нечага, але дазволіць іншаму увайсці ў тое месца, дзе фармуеццамая самая інтымная частка твайго жыцця, — гэта небяспечна і патрабуе абароны.

Супраціўленне ў малітве падобна на супраціўленне моцна сціснутых кулакоў. Гэты вобраз дэманструе высокае напружанне, моцнае жаданне крэпка учапіцца ў сябе самога, прагавітасць, якая выяўляе страх. Ёсць адна гісторыя старой жанчыны, якую прывезлі ў псіхіятрычны цэнтр, гэтая гісторыя служыць даволі дакладным прыкладам такога стаўлення. Жанчына ў вар’яцтве з хцівасцю кідалася на ўсё, што трапляла ў поле яе зроку, прыводзячы навакольных у страх да такой ступені, што лекары былі вымушаныя забраць у яе ўсё. І толькі адна маленькая манета заставалася ў яе моцна сціснутым кулаку, і яна ні за што не хацела яе аддаваць. Патрэбны былі высілкі двух чалавек, каб з цяжкасцю адкрыць гэтую заціснутую руку. Як-быццам бы разам з гэтай манетай яна губляла саму сябе назаўсёды. Нібыта, пазбавіўшыся гэтай апошняй уласнасці, яна пазбаўлялася ўсяго і станавілася нічым. Гэта быў яе страх.

Калі ты запрошаны на малітву, табе прапаноўваюць адкрыць твой моцна сціснуты кулак і аддаць тваю апошнюю манету. І хто захоча гэтага? Першая малітва, менавіта таму, часта балючая, таму што ты выяўляеш тое, што не хочаш аддаваць. Ты моцна трымаешся таго, што звыкла, нават калі тут няма чым ганарыцца. Ты кажаш сабе: «Ужо вось такі я, я б і хацеў быць іншым, але цяпер не магу. Вось такім чынам усё ўладкована і такім чынам я павінен жыць. »У той момант, калі сказаў сабе гэта, ты ўжо адмовіўся ад веры, што тваё жыццё можа быць іншым. Ты ўжо дазволіў надзеі на новае жыццё прайсці міма цябе. Таму што ты не пасмеў паставіць знак пытання свайму вопыту з усімі яго звычкамі і прыхільнасцямі, ты абвязаў сябе непазбежнасцю фактаў. Ты адчуваеш, што нашмат спакайней прыляпіцца да сумнага мінулага, чым даверыцца новай будучыні. Таму і запаўняеш свае далоні маленькімі ліпкімі манетамі, ад якіх не хочаш адмовіцца.

Падрыхтавала Вікторыя Колзун
паводле Генры Нувэн «З адкрытымі далонямі»

для друку для друку