Генетык Фрэнсіс Колінз: навука адкрывае веліч Божага стварэння

Фрэнсіс Колінз

«Навука – гэта магчымасць для малітвы», — перакананы амерыканскі генетык Фрэнсіс Колінз, кіраўнік праекта па расшыфроўцы геному чалавека, лаўрэат Тэмплтанаўскай прэміі за 2020 г.

Прэмія была ўручана Колінзу за здольнасць паказаць, што «рэлігійная вера можа матываваць і натхняць дакладнае навуковае даследаванне, спрыяючы інтэграцыі веры і розуму».

У інтэрв’ю Vatican News Фрэнсіс Колінз падкрэсліў, што быў здзіўлены ўручэннем яму прэміі. “Я ніколі нават не думаў пра тое, каб наблізіцца” да ўзроўню выбітных папярэднікаў – Маці Тэрэзы, Білі Грэма, арцыбіскупа Дэсманда Туту і іншых, – таму што ніколі не лічыў сябе “знатаком тэалогіі”. Тым не менш, быць прылічаным да іх – “надзвычайны гонар”, сказаў лаўрэат.

Навуковец прайшоў доўгі шлях да веры, які апісаў у кнізе «Мова Бога» (2006 г.). Аўтар прызнаецца, што вера была для яго паступовым заваяваннем. “Ці ёсць Бог і ці гэты Бог клапоціцца пра мяне? Я пазбягаў такога пытання на працягу маёй першай чвэрці стагоддзя”, бо яно “ставіла мяне ў няёмкае становішча”, гаворыць ён у кнізе.

Тым не менш, Фрэнсіс Колінз пераадолеў шлях ад атэізму праз агнастыцызм да хрысціянскай веры, які азнаменаваўся яго прызначэннем у шэрагі членаў Папскай акадэміі навук, што адбылося ў 2009 г. па рашэнні Бэнэдыкта XVI.

«Я веру, што Бог даў нам дзве кнігі. Кнігу слоў Божых, Біблію, якую я чытаю штодня, і кнігу спраў Божых, якімі ёсць стварэнне», — кажа медык. На яго думку, праз навуку можна “ацаніць веліч Божага стварэння”, што з’яўляецца своеасаблівай формай адарацыі.

На сённяшні дзень Колінз заняты даследаваннямі, накіраванымі на вынаходніцтва лекаў і вакцыны супраць каранавіруса.

Тэмплтанаўская прэмія была заснавана ў 1972 г. па ініцыятыве англійскага прадпрымальніка і філантропа Джона Маркса Тэмплтана. Яе лаўрэатамі становяцца вучоныя, філосафы, пісьменнікі, прадстаўнікі духавенства, грамадскія дзеячы, якія зрабілі значны ўнёсак у даследаванне духоўнай сферы жыцця і паспрыялі дыялогу паміж навукай і рэлігіяй.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку