Генеральны настаяцель салезіянаў прыбыў у Беларусь

У пятніцу 8-га ліпеня, вечарам у міжнародным аэрапорце “Мінск-2” прызямліўся самалёт, на борце якога знаходзіўся Генеральны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB. 

Беларуская салезіянская сям’я вось ужо амаль паўгода рыхтавалася да гэтага моманту, калі нага дзясятага паслядоўніка Ксяндза Боско зробіць крок на нашай зямлі.

Прывітаць ксяндза Анхеля ў аэрапорт прыехала дэлегацыя на чале з рэгіянальным настаяцелям таварыства Святога Францішка Сальскага на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB і біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB. Пасля ўсе разам адправіліся ў Бараўляны, дзе госця з вялікім нецярпеннем чакала моладзь, каб прывітаць і засведчыць сваю радасць і павагу.

vizit1_17

Нягледзячы на дастаткова позні час, у Бараўлянах сабралася вялікая колькасць маладых людзей з усіх месцаў салезіянскай прысутнасці ў Беларусі. Пасля прывітання Генеральнага настаяцеля хлебам і соллю, моладзь паказала невялікую сцэнку ў нацыянальных касцюмах.

ks Anhel

Ксёндз Віктар сказаў словы прывітання шаноўнаму госцю і выказаў вялікую радасць, якая перапаўняе сэрцы кожнага, хто мае дачыненне да салезіянскай харызмы ў Беларусі. Свае словы прывітання да Генералальнага Настаяцеля скіраваў і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB ад свайго імя, ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і ад імя ўсяго Каталіцкага Касцёла Беларусі.

Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ ў сваю чаргу выказаў вялікую радасць ад сваёй прысутнасці сярод салезіян, ён адзначыў, што беларуская салезіянская сям’я хоць і невялікая, але вельмі жывая, менавіта таму варта было сюды прыехаць. Пасля святар прывітаў асабіста кожнага сабрата, кожную манахіню і ўсіх прысутных, падышоў да кожнага, абняў і пацалаваў.

vizit1_16

Потым Ксёндз Анхель і сабраты накіраваліся на супольную вячэру, а пасля на адпачынак.

Генеральны настаяцель прабудзе ў Беларусі 2 дні. Для салезіян Беларусі гэтага вельмі мала, таму яны будуць імкнуцца, каб за гэты кароткі час ксёндз Анхель пазнаёміўся з усёй прыгажосцю краіны, з верай людзей, з салезіянскімі суполкамі і  адчуў беларускую любоў.

Паводле sdb.by

для друку для друку