Газета «Каталіцкі Веснік» перамагла ў конкурсе рэгіянальнага друку Віцебшчыны

Віцебская абласная арганізацыя ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» падвяла вынікі чарговага агляду-конкурсу рэгіянальнага друку Віцебшчыны па ўжыванні беларускай мовы «З беларускім словам». Газета «Каталіцкі Веснік» заняла першае месца ў намінацыі «Недзяржаўныя выданні».

Вынікі зацверджаны на пасяджэнні рады 17 лютага 2019 года.

Як паведамляе старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч, мэтай агляду-конкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет; папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці. Згаданы агляд-конкурс праводзіцца абласной арганізацыяй ТБМ на Віцебшчыне рэгулярна і ў некалькіх катэгорыях:

  • абласныя, гарадскія газеты;
  • раённыя газеты;
  • недзяржаўныя выданні;
  • ведамасныя выданні.

Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы ў ходзе падрыхтоўкі матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асоб на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, спачуванняў, рэкламы і аб’яў.

У склад журы агляду-конкурсу ўваходзілі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прафесійныя журналісты – сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі абласной арганізацыі ТБМ.

У намінацыі “Недзяржаўныя выданні” журы прысудзіла перамогу, як і папярэдні раз, адразу дзвюм газетам: “Каталіцкаму Весніку” (галоўны рэдактар – кс. Віктар Місевіч) і “Вольнаму Глыбокаму” – (галоўны рэдактар – Уладзімір Скрабатун).

Нагадаем, што сайт «Каталіцкага Весніка» таксама заняў першае месца па наведвальнасці сярод беларускамоўных сайтаў Віцебшчыны.

для друку для друку