- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Гандлёвы намёт з надпісам “Дабрачынны кірмаш” у Будславе (+відэа)

kirmasz [1]На фэстах у Мосары і Будславе можна было пабачыць гандлёвы намёт з надпісам “Дабрачынны кірмаш”. “Каталіцкі Веснік” вырашыў пацікавіцца, што гэта за акцыя.

— Скажыце, калі ласка, што ў вас за дабрачынны кірмаш?

Тамара Зубко:

— Гэты дабрачынны кірмаш для нашых дзетак Сафіі Шылей і Вані Зубко. У іх цяжкае захворванне — дзіцячы цэрэбральны параліч.

Мы з горада Паставы, і на гэтым кірмашы рамеснікі не толькі з нашага горада, але з іншых мясцін Беларусі падтрымліваюць нас сваёй творчасцю для дапамогі нашым дзеткам, бо яны праходзяць лячэнне за мяжой, якое каштуе вялікіх грошай.

У горадзе Варшава ёсць Цэнтр інтэнсіўнай тэрапіі OLINEK, там вельмі рэзультатыўна лечаць такіх дзяцей. На жаль, усе свае фінансавыя сродкі нашы сем’і ўжо вычарпалі, таму мы вымушаны звяртацца да людзей за дапамогай.

Такі кірмаш дазваляе набыць не толькі нейкую рэч, але і зрабіць добрую справу. А заадно мы хочам звярнуць увагу людзей на праблемы такіх дзяцей, бо шмат сем’яў, у каго ёсць такія праблемы, баяцца грамадскай думкі. Маўляў, у мяне такое дзіця, як на мяне паглядзяць. Насамрэч, шмат хто коса глядзіць. А мы хочам паказаць, што гэтыя дзеці ні чым не адрозніваюцца ад іншых дзяцей… Ну так, яны трохі асаблівая, але ж гэта дзеці і за іх трэба змагацца і паказаць іншым бацькам, што гэта вырашальная праблема.

Не трэба пра гэта баяцца гаварыць, гэта ж дзіця, яго можна лячыць, можна адаптаваць, можна кудысьці выходзіць з ім, мець зносіны з іншымі мамамі, іншымі людзьмі. Адным словам, мы хочам прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы, бо шмат якія бацькі сядзяць дома і баяцца падзяліцца з кімсьці сваёй бядой.

А мы хочам паказаць, што гэта зусім не бяда і праблема, з гэтым можна і трэба шчасліва жыць.

— Як даўно вы сутыкнуліся з гэтай праблемай?

Тамара Зубко:

— Майму дзіцяці два гады і тры месяцы, мы ездзім ужо за мяжу больш за год.

Рыта Шылей:

— Сафіі ў жніўні будзе чатыры гады, і мы ўжо больш за два з паловай гады лечымся за мяжой.

Мы выкарыстоўваем некаторыя і беларускія медычныя рэсурсы, але пакуль, на жаль, па лячэнню нашай хваробы – ДЦП – замежжа пакуль больш паспяховае па сваіх методыках і выніках. І калі ты бачыш, што дзіця аднаўляецца, то ты гатовы заплаціць любыя грошы, каб туды паехаць.

Мы выказваем удзячнасць усім людзям, хто нас падтрымлівае ў нашым горадзе, у нашай краіне і не толькі.

Нехта падтрымлівае нас сваімі вырабамі, хтосьці аказвае інфармацыйную падтрымку, нехта фінансавую, хтосьці падтрымлівае нас сваёй малітвай. За нас моляцца ў храмах розных канфесій. Мы ўсім вельмі ўдзячныя і ўпэўненыя, што толькі дзякуючы Богу мы ідзём гэтым шляхам. Шляхам, які магчыма ён для нас вызначыў.

— Гэту ідэю, дабрачыннага кірмашу, вам хтосьці падказаў?

Рыта Шылей:

— Гэта была наша ідэя, бо мы не можам апускаць рукі і нечага чакаць. Вядома, мы не можам паўнавартасна працаваць, мы не можам вярнуцца на свае ранейшыя працы, бо мы вымушаныя даглядаць сваіх дзяцей. Мы вымушаныя шукаць фінансавыя сродкі і таму ў нас узнікла такая ідэя. Мы звярнуліся за дапамогай.

Тамара Зубко:

— І вельмі шмат людзей адклікнулася. Мы нават не чакалі, думалі, пару чалавек адклікнецца і ўсё. Але шмат людзей адклікнулася, прычым з усёй Беларусі, многіх мы нават не ведаем. Гэта былі знаёмыя знаёмых. Нехта перадаваў нам свае вырабы праз пошту, хтосьці праз знаёмых. І вось гэта ідэя нам самім спадабалася, першы досвед мы атрымалі і вырашылі развіваць гэта далей.

— Ці ўдаецца зарабіць на гэтым кірмашы на сродкі для лячэння?

Рыта Шылей:

— Гэта ў нас яшчэ другі такі кірмаш. Першы прайшоў у Мосары, калі мы былі на фэсце святога Яна.

Вельмі прыемна, што шмат людзей адклікаецца, да нас падыходзіць. Нехта проста пытаецца, хтосьці нешта набывае, а некаторыя людзі проста пакідаюць нам свае ахвяры. Тут ніхто нікога не прымушае, галоўнае, наколькі вашае сэрца гатовае дапамагчы.

Хтосьці проста праходзіць мімаходзь, але, магчыма, ён пра гэта падумае і ў яго памяці нешта застанецца.

Мы лічым, гэта абавязкова трэба рабіць.

Тамара Зубко:

— Нават калі мы тут заробім і зусім невялікія грошы, гэта патрэбна рабіць.

Рыта Шылей:

— Гэта не камерцыйны кірмаш. Тут ёсць шанец і магчымасць кожнаму чалавеку адарвацца ад свецкай мітусні і звярнуць увагу на сябе, на сваё жыццё і на людзей, якія побач. Я лічу, што такі дабрачынны кірмаш добрая магчымасць паглядзець, што навокал ёсць людзі, якім патрэбна дапамога, хоць самая малая. Бо любая кропля робіць мора. Мы гэта дакладна ведаем.

— Ёсць надзея, што лячэнне ў Польшчы дапаможа вашым дзецям?

Тамара Зубко:

— Надзея ёсць заўсёды. Бо калі ў маім выпадку трэба было верыць урачам, то я павінна была адразу адмовіцца ад свайго дзіцяці адразу пасля родаў. Але я нікому не веру, я бачу вынік – дзіця жыве, расце, развіваецца. Так, яно вельмі цяжкае, але па прагнозах урачоў яно не павінна было гэтага рабіць. Таму я нікога не слухаю.

Ведаеце, вера ў цуды, у сваіх дзяцей, гэта самае галоўнае. І вера ў Бога. Яна дае і нам сілы, і ім таксама. Дзесьці мы нечаму вучымся ад іх, мы ад іх зараджаемся і ёсць вынік. Бо каб не было выніку, магчыма, нас бы так надоўга не хапіла.

Але вынік ёсць! Усе гэта прыносіць поспех: дзесьці значны, дзесьці не вельмі. Але, галоўнае, ён ёсць.

Рыта Шылей:

— Галоўнае – не здавацца.

— Вера ў Бога дапамагае вам у вашай барацьбе за сваіх дзяцей?

Рыта Шылей:

— Канечне. Тут вядома і чалавечы фактар дзейнічае – калі ў чалавека штосьці здарыцца, то ён адразу бяжыць да Бога.

У нас заўсёды былі веруючыя сем’і, мы ходзім у храм, але сапраўднае адчуванне веры прыходзіць, калі ты праходзіш праз нейкія выпрабаванні. Я гэта адчула, і вось гэта ўпэўненасць, калі ты як чалавек раскісаеш, і табе здаецца, што ўжо ўсё, і толькі вера дапамагае вярнуцца да жыцця, каб зноў змагацца за сваіх дзяцей.

Бог нам вельмі дапамагае і бласлаўляе нашу справу, дае нам магчымасці і кірмашы такія праводзіць, і пасылае нам людзей, якія нам дапамагаюць. Гэта толькі дзякуючы Яму.

Дарагія чытачы! Вы таксама можаце дапамагчы ў лячэнні гэтых дзяцей.

Рэквізіты для дапамогі Івану Зубко:

Карта Ашчаднага банка Расіі 4276 5500 3651 5933 да 05/19.

Карта Беларусбанка 9112 0000 1493 2962 да 02/20.

Можна проста пакласці грошы на тэлефон: +375 33 631 53 50 (МТС)

электронны кашалёк EasyPay 34340564.

Беларускія рублі — транзітны рахунак №3819382309284 на дабрачынны рахунак №000005 у цэнтры банкаўскіх паслуг №230, уладальнік рахунка Зубко Кірыл Ігаравіч. УНП 300230580; МФО 150801648

Рэквізіты для дапамогі Сафіі Шылей:

Беларускія рублі — транзітны рахунак 3819382309284 на дабрачынны рахунак №000006 у цэнтры банкаўскіх паслуг №230, бестэрміновы.

Расійскія рублі —транзітны рахунак 3819382311360 на дабрачынны рахунак №000012 у цэнтры банкаўскіх паслуг №230, бестэрміновы.

Еўра — транзітны рахунак 3819382311360 на дабрачынны рахунак №000002 у цэнтры банкаўскіх паслуг №230, бестэрміновы

Долары ЗША — транзітны рахунак 3819382311360 на дабрачынны рахунак №000039 у цэнтры банкаўскіх паслуг №230, бестэрміновы.

Можна проста пакласці грошы на тэлефон: +375 33 612 04 44 (МТС)

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, відэа