Галоўны ватыканскі дыпламат сустрэнецца з Прэзідэнтам Расіі

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі хутка наведае Маскву з візітам “на высокім узроўні”. Ён пройдзе ў жніўні і будзе ўключаць, у прыватнасці, сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і кіраўніцтвам Рускай Праваслаўнай Царквы.

Аб гэтым паведаміў сам кардынал Пьетра Паралін падчас размовы з журналістамі. Двухбаковыя адносіны, заўважыў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, працягваюцца на розных узроўнях, і гэта сустрэча, што пройдзе амаль на самым высокім узроўні, будзе працягам кантактаў, якія падтрымоўваюцца на працягу доўгага часу.

Іерарх закрануў тэму магчымых папскіх падарожжаў. На сённяшні дзень не можа адбыцца паездка Францішка ў Паўднёвы Судан, у сувязі з вельмі складанай сітуацыяй у гэтай краіне. Час яе рэалізацыі залежыць ад завяршэння “вайны, якая там працягваецца”. Кардынал Паралін адзначыў, што гэта вайна не з’яўляецца рэлігійнай, “рэлігія не мае нічога агульнага з гэтым”. Гаворка ідзе пра палітычнае пытанне – падзел улады і прыродных рэсурсаў. Візіт не будзе выдалены з павесткі дня, аднак, запэўніў кардынал, будзе адкладзены да часу змены умоў. “Пакуль няма таксама ніякай канкрэтнай інфармацыі пра падарожжа Францішка ў Індыю і Бангладэш”, — сказаў галоўны ватыканскі дыпламат.

Кардыналу Параліну задалі пытанне і пра экскамуніку для тых, хто ўдзельнічае ў карупцыі. Гэта трэба добра абдумаць, сказаў ён. Ініцыятыва з’яўляецца прадметам даследавання Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, пра што гаварылася на нядаўнім ватыканскім сімпозіуме на тэму карупцыі. “Цяжка сказаць, таму што экскамуніка, гэта заўсёды асабістая справа, якая павінна быць дакладна вызначана”, — заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка. Ён падкрэсліў, што карупцыя, “як кажа Францішак, гэта грэх, які шкодзіць усяму грамадству. Трэба падумаць пра тое, што рабіць у такіх выпадках, ці звяртацца аж да экскамунікі”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку