Футбольны турнір у гонар св. Дамініка Савіо адбыўся ў Мінску

5 мая араторый імя св. Яна Боска пры парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску сабраў юнакоў 13-15 гадоў для ўдзела ў футбольным турніры ў гонар святога Дамініка Савіо, маладога выхаванца ксяндза Боска, паведамляе sdb.by.

Турнір адбываецца ўжо шосты раз, у гэтым годзе ён сабраў 5 каманд: ФК “Дамінік” (Мінск, Серабранка), ФК “Радасць” (Беразінскае), ФК “Фавор” (Полацк), FC “Bosco” (Смаргонь) і ФК ”Міхаэль” (Мінск, Лошыца).

Распачаўся турнір са святой Імшы, якую ўзначаліў кс. Сяргей Бараўнёў, прыехаўшы на спаборніцтвы са сваёй камандай “Радасць” (Беразінскае), а з навукай для хлопцаў звярнуўся ксёндз Генадзь Кухарэвіч CSMA, які прыехаў з камандай маладых футбалістаў з мінскага мікрараёна Лошыца.

Кс. Генадзь запытаўся ў юнакоў, якімі славутымі футбалістамі яны захапляюцца і чаму. Потым ён звярнуў увагу на тое, што прафесійныя футбалісты і, ўвогуле, спартоўцы вельмі часта сустракаюць шмат цяжкасцяў на шляху да сваёй мэты, але негледзячы на гэта, не здаюцца і працягваюць змагацца, паказваючы мужнасць і моцны характар. Так і мы павінны змагацца, не здавацца, калі напаткаем цяжкасці і ў звычайным, і ў рэлігійным жыцці, а, заручыўшыся падтрымкай Езуса, ісці наперад.

Пасля св. Імшы ўсе прысутныя перайшлі ў будынак араторыя, дзе і адбыліся футбольныя баталіі. Усе каманды згулялі паміж сабой па прынцыпу чэмпіянату, а дзве лепшыя сустрэліся ў фінальнай гульні. Па выніках усіх гульняў ФК “Дамінік” заняла пяты радок, ФК “Боско” – чацвёрты, трэцімі сталі хлопцы з ФК “Міхаэль”, другі радок заняла каманда “Радасць”, а першы, здаецца, без асаблівых перашкод заняла каманда “Фавор”.

Пасля абеду павінна была адбыцца фінальная гульня паміж другім і першым месцам, якая ўсім здавалася простай фармальнасцю. Але іншае меркаванне было ў хлопцаў з Беразінскага. Яны выйшлі на пляцоўку з вялікай матывацыяй забраць кубак і не пакінулі “Фавору” шансаў, атрымаўшы перамогу з лікам 2-0.

Віншуем ФК “Радасць” з гэтым поспехам, а ўсім камандам дзякуем за ўдзел і жадаем шматлікіх перамог наперадзе!

Паралельна прайшоў турнір па настольным футболе, яго пераможцам стала каманда “Стальныя цвікі” (Мінск, Серабранка). А таксама — спаборніцтвы па набіванні мяча, тут усіх апярэдзіў Павел Клімук з каманды “Міхаэль”.

Калі скончыліся спартыўныя мерапрыемствы, адбылася афіцыйная частка ўзнагароджвання, а перад ёй быў паказаны мультыплікацыйны фільм пра св. Дамініка Савіо, перакладзены на беларускую мову. Пасля гаспадар турніру кс. Павел Шчарбіцкі SDB узнагародзіў усіх лаўрэатаў, а таксама выказаў словы ўдзячнасці за прысутнасць.

для друку для друку