Францішак звярнуўся да лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру

“Няхай намаганні, прыкладзеныя ў Калумбіі для пабудовы мастоў спакою і прымірэння, змогуць натхніць усе супольнасці на пераўзыходжанне варожасці і падзелаў”, — пажадаў Святы Айцец у пасланні да ўдзельнікаў XVI Сусветнага саміту лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. 

Форум праходзіць 2-5 лютага ў сталіцы Калумбіі, Багаце. Зварот Папы быў скіраваны за подпісам кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

“Калі ахвяры насілля здольныя аказаць супраціў спакусе помсты, яны становяцца найбольш пераканаўчымі падзвіжнікамі ненасілля і будавання міру”, — гаворыцца ў папскай тэлеграме. Францішак выказаў падтрымку намаганням, якія прыкладаюцца на карысць “узаемнага знаёмства і дыялогу паміж людзьмі”, а таксама запэўніў у малітве, каб ненасілле магло стаць характэрным стылем рашэнняў, адносін, дзеянняў і ўсіх формаў палітыкі ў свеце.

Саміт лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру ўпершыню праходзіць у Лацінскай Амерыцы. Месца яго правядзення ў Калумбіі аказалася сімвалічнымі. У 2016 годзе Нобелеўскую прэмію міра атрымаў прэзідэнт гэтай краіны Хуан Мануэль Сантас за намаганні, накіраваныя на завяршэнне больш чым 50-гадовай грамадзянскай вайны паміж урадавамі войскамі і Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі.

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру збіраюцца перыядычна з 1999 года. Папярэдні форум праходзіў у лістападзе 2015 года ў Барселоне. Сустрэча з’яўляецца нагодай для наладжвання дыялогу, прасоўвання ідэй разбраення і згоды паміж народамі. Яе сёлетняя тэма: “Мір і прымірэнне”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку