Францішак звярнуўся да Кангрэса ЗША

AFP4555436_Articolo24 верасня адбыўся гістарычны візіт папы Францішка ў Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі, падчас якога ён меў магчымасць звярнуцца да амерыканскіх заканадаўцаў з прамовай. 

Папа паставіў у прыклад кангрэсменам асобу біблійнага Майсея, які таксама быў прадстаўніком свайго народу і абвяшчаў яму законы. Позірк Майсея быў звернуты да Бога і на клопат аб трасцэндэнтнай годнасці чалавека. Гэты прыклад добра выражае, у чым заключаецца праца Кангрэса – бараніць, праз інструменты закону, вобраз і падабенства Бога ў кожным чалавеку і фармуліраваць законы, які ахоўваюць Божы вобраз у кожнай чалавечай істоце, сказаў Святы Айцец.

У кантэксце 150-й гадавіны забойства Абрагама Лінкальна, якая адзначаецца сёлета, Францішак прысвяціў частку сваёй прамовы пытанню свабоды. Ён нагадаў, што свету пагражаюць канфлікты і нянавісць, якія нібыта здзейсняюцца ў імя Бога і рэлігіі. На самой справе ў іх аснове ляжыць ідэалагічны экстрэмізм і асабістае расчараванне, сцвердзіў Папа. Францішак папярэдзіў амерыканскіх палітыкаў аб небяспецы барацьбы са злом метадамі таго ж зла. Наследаванне нянавісці і насілля тыранаў і забойцаў – гэта лепшы спосаб, каб заняць іх месцы, сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што на працягу гісторыі ЗША прадстаўнікі розных веравызнанняў рабілі свой унёсак у будаванне і ўмацаванне грамадства. Важна, каб сёння, як і ў мінулым, голас веры быў пачуты, адзначыў Папа і дадаў, што такое супрацоўніцтва з’яўляецца моцным рэсурсам ў барацьбе супраць новых глабальных форм рабства, якія ўзніклі ў выніку глыбокай несправядлівасці. Палітыка сёння павінна служыць чалавеку, а не садзейнічаць эканамічнаму і фінансаваму рабству, сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў аб барацьбе афраамерыканскага насельніцтва краіны, пад кіраўніцтвам Марціна Лютэра Кінга, за атрыманне поўных грамадзянскіх і палітычных правоў. ЗША – гэта краіна, якая складаецца з эмігрантаў, сказаў Папа і заклікаў памятаць пра гэта ў кантэксце актуальных міграцыйных працэсаў – самых вялікіх з часоў Другой сусветнай вайны. Трэба вучыць новыя пакаленні чуллівасці і гасціннасці да іншых, адзначыў ён.

Францішак звярнуў увагу на важнасць абароны чалавечага жыцця. Яго сакральнасць падштурхоўвае да забароны смяротнага пакарання, аб чым просяць біскупы ЗША, сказаў Папа і дадаў, што справядлівае і неабходнае пакаранне не можа выключаць вымярэння надзеі, і мае на мэце рэабілітацыю чалавека.

Заснавальніца “Каталіцкага рабочага руху” (Catholic Worker Movement) Дораці Дэй была чарговай асобай, узгаданай Пантыфікам у сувязі з тэрміновай патрэбай у глабальнай салідарнасці з патрабуючымі і выкаранненні прычын беднасці. Францішак адзначыў важнасць абароны навакольнага асяроддзя і выказаў спадзяванне на даследванні амерыканскіх навуковых інстытутаў у гэтай сферы.

У якасці прыкладу чалавека малітвы, разважання, дыялогу і міру паміж людзьмі і рэлігіямі Папа назваў амерыканскага законніка Томаса Мэртана. Добры палітычны лідэр – гэта той, які, улічваючы інтарэсы ўсіх, карыстаецца момантам у духу адкрытасці, і практычным сэнсам, сказаў ён. Святы Айцец заклікаў кангрэсменаў паспрыяць спыненню незаконнага гандлю зброяй, а таксама звяртаць больш увагі на патрэбы сем’яў і моладзі.

Зварот папы Францішка да Кангэса ЗША стаў гістарычнай падзеяй. Раней толькі св. Яна Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI мелі магчымасць звярнуцца да парламентаў сваіх родных краін – Польшчы і Германіі, а таксама да парламенту Італіі. У лістападзе 2014 г. таксама Францішак выступіў перад Еўрапарламентам.

 Ватыканскае Радыё

для друку для друку