Францішак узначаліў Імшу Вячэры Пана

Вечарам 29 сакавіка ў рымскай турме “Regina Coeli” Святы Айцец узначаліў Імшу Вячэры Пана з абрадам абмывання ног дванаццаці асобам. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел каля 600 зняволеных, а таксама персанал гэтай пэнітэнцыярнай установы.

У гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на евангельскія словы, якімі Езус, пасля таго, як абмыў ногі сваім вучням, заклікаў іх рабіць тое самае адзін для аднаго (Ян 13,1-15). У старажытнасці абмываннем ног гасцям займаліся рабы, але Езус не пагардзіў гэтым служэннем, перавярнуўшы такім чынам гістарычную і культурную традыцыю. Папа заклікаў вязняў наследаваць гэты прыклад, служачы адзін аднаму, і заўсёды памятаць, што Бог ніколі не стамляецца прабачаць.

Сярод зняволеных, якім Францішак абмыў ногі, былі прадстаўнікі розных нацыяльнасцяў: чатыры італьянцы, два філіпінцы, два мараканцы, а таксама па аднаму грамадзяніну Малдовы, Калумбіі, Нігерыі і Сьера-Леонэ. Акрамя католікаў ў гэтай групе былі праваслаўны, будыст і два мусульманіна.

Пасля Эўхарыстыі Святы Айцец пакінуў на алтары турэмнай капліцы свой спецыяльны дар – бронзавую скульптурную кампазіцыю з выявай пастыра, які прабіраецца праз церні да авечкі, якая згубілася.

У рамках свайго візіту ў турму Пантыфік сустрэўся з вязнямі, якія знаходзяцца ў мясцовым лазарэце, а таксама наведаў спецыяльны сектар, дзе ўтрымліваюцца асобы, пакараныя за асаблівыя злачынствы, і якія патрабуюць абароны ад магчымых праяваў агрэсіі.

Рымская турма “Regina Coeli” з’яўляецца самай буйной і вядомай пэнітэнцыярнай установай італьянскай сталіцы. Яна размяшчаецца ў будынку былога кармелітанскага кляштара, пабудаванага ў 1654 г. Як турма гэта пабудова выкарыстоўваецца з 1881 г. Да Францішка яе наведвалі тры Папы: у 1958 г. – Ян ХХІІІ, у 1964 г. – Павел VI, а ў 2000 г. – Ян Павел ІІ.

Год таму Францішак узначаліў літургію Вячэры Пана ў турме Пальяна, у дыяцэзіі Палестрына, недалёка ад Рыма. У 2016 г. гэта адбылося ў прытулку для ўцекачоў у Кастэльнуова-дзі-Порта. У 2015 г. – у турме “Rebibbia” ў Рыме. У 2014 г. – у цэнтры “Santa Maria della Provvidenza” ў Рыме, а у 2013 г. – у турме для непаўналетніх “Casal del Marmo” ў Рыме.

Ватыканскае радыё

для друку для друку