Францішак сустрэўся з паслядоўнікамі дхармічных рэлігій

На важнасць дыялогу і супрацоўніцтва ў сучасным свеце паміж католікамі і паслядоўнікамі рэлігій дхармы звярнуў увагу Францішак, прымаючы 16 мая 2018 г. у Ватыкане ўдзельнікаў канферэнцыі “Дхарма і Логас – дыялог і супрацоўніцтва ў складаную эпоху”.

Святы Айцец выказаў падзяку за намаганні па развіцці дыялогу і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі, індуістамі, будыстамі, сікхамі і джайністамі.

“Дыялог і супрацоўніцтва з’яўляюцца ключавымі словамі ў такі час, як наш, калі беспрэцэдэнтныя і складаныя фактары прывялі да росту напружанасці і канфліктаў, у спалучэнні з шырока распаўсюджаным насіллем, як у малых, так і ў вялікіх маштабах. Таму, мы павінны дзякаваць Богу за тое, што рэлігійныя лідэры актыўна падтрымліваюць культуру сустрэчы, даючы ўзор дыялогу і эфектыўнага супрацоўніцтва ў служэнні жыцця, чалавечай годнасці і клопату пра стварэнне”, — сказаў Папа. Францішак падзякаваў сваім гасцям за іх прыхільнасць працы на карысць сучаснага свету.

Удзельнікі ватыканскай канферэнцыі падпісалі сумесны мемарандум, у якім прызналі, што імкненне да міру на планеце з’яўляецца агульным для рэлігій, і што перад светам стаяць сёння вельмі сур’ёзныя праблемы, а духоўныя скарбы рэлігійных традыцый і агульная чалавечая салідарнасць павінны дапамагчы ў іх пераадоленні. У дакуменце падкрэсліваецца таксама важнасць і неабходнасць дыялогу і ўзаемнага супрацоўніцтва, у духу і праўдзе, для эфектыўнага вырашэння праблем нашага часу. У ім гучыць заклік да рэлігійных лідэраў, навукоўцаў і паслядоўнікаў рэлігій будаваць масты і аб’ядноўвацца з людзьмі добрай волі для пабудовы міру ва ўсім свеце.

Да дхармічных рэлігій адносяцца індуізм, будызм, джайнізм і сікхізм. Усе яны выводзяцца з брахманізму і маюць свае карані на індыйскім субкантыненце. Агульнай для іх з’яўляецца, напрыклад, вера ў рэінкарнацыю і карму.

Ватыканскае радыё

для друку для друку