- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Францішак прыняў экуменічную дэлегацыю з Германіі

[1]Успамін юбілею Рэфармацыі “дае магчымасць здзейсніць чарговыя крокі наперад, гледзячы ў мінулае без злапамятнасці, але паводле Хрыста і ў еднасці з Ім, каб зноў прапанаваць людзям нашага часу радыкальную навіну Езуса, бязмежную міласэрнасць Бога: менавіта тое, што рэфарматары ў свой час жадалі стымуляваць”, лічыць папа Францішак. 

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 6 лютага дэлегацыю Евангелічнай Царквы Германіі. Яна прыбыла ў суправаджэнні старшыні нямецкага епіскапату кардынала Рэйнхарда Маркса. 

У сваім звароце, Францішак назваў сёлетні ўспамін 500-годдзя Рэфармацыі нагодай, каб зноў паставіць Хрыста ў цэнтр адносін паміж католікамі і пратэстантамі. Менавіта “пытанне аб Богу”, аб тым, “як можна мець міласэрнага Бога” было “глыбокім памкненнем, жыццёвым стымулам” для Лютэра, нагадаў ён словы Бэнэдыкта XVI. 

Пантыфік назваў трагедыяй той факт, што жаданае абнаўленне Касцёла прывяло да падзелу паміж хрысціянамі. “Вернікі пачалі адчуваць сябе не братамі і сёстрамі ў веры, але ворагамі і канкурэнтамі. На працягу доўгага часу яны ўмацоўвалі варожасць і зрабіліся бязлітаснымі ў змаганнях, распаленых з палітычных мэтаў і прагнення ўлады, часам нават не спыняючыся перад ужываннем насілля адно супраць аднаго, брат супраць брата”, — нагадаў Папа.

Святы Айцец высока ацаніў экуменічныя ініцыятывы, якія будуць рэалізаваныя ў Германіі на працягу бягучага года. Ён пажадаў, каб “адкрыццё супольных крыніц веры, аздараўленне памяці ў малітве і ўчынках міласэрнасці, канкрэтнае супрацоўніцтва ў распаўсюджванні Евангелля і служэнні братам”, сталі “імпульсамі для таго, каб больш мэтанакіравана працягваць шлях” да адзінства.

“Адрозненні ў пытаннях веры і маралі, якія працягваюць існаваць, застаюцца выклікамі на шляху да бачнай еднасці, якой прагнуць нашыя вернікі. Боль асабліва адчуваюць сужонкі, якія належаць да розных канфесій”, — сказаў Папа і заклікаў разважліва ўключыцца ў пераадоленне існуючых перашкодаў, робячы больш інтэнсіўным тэалагічны дыялог і ўмацоўваючы супрацоўніцтва паміж канфесіямі, “асабліва ў служэнні тым, хто найбольш пакутуе і ў ахове стварэння, якое знаходзіцца пад пагрозай”.

Ватыканскае радыё [2]