Францішак працуе над энцыклікай аб экалогіі

9d2840843536Папа Францішак працуе над энцыклікай прысвечанай праблемам навакольнага асяроддзя і экалогіі чалавека. У яго працоўным графіку на бягучы тыдзень не прадугледжаны ўдзел у афіцыйных сустрэчах і мерапрыемствах, за выключэннем агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, якая адбудзецца 25 сакавіка.

Аб сваіх планах прысвяціць цэлы тыдзень працы над энцыклікай Святы Айцец сам паведаміў у размове з журналістамі 15 студзеня 2015 г., падчас пералёту з Шры-Ланкі ў Філіпіны, у рамках свайго апостальскага падарожжа ў гэтыя краіны. Тады Пантыфік распавёў, што першы варыянт дакумента падрыхтаваў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”, разам са сваімі супрацоўнікамі. Затым Папа асабіста дапрацоўваў яго, супольна з некаторымі тэолагамі.

Напачатку студзеня гэты чарнавы варыянт быў адпраўлены на праверку ў Кангрэгацыю Веравучэння, Дзяржсакратарыят і тэолагу Папскага Дома, якія, у сваю чаргу, прапанавалі зрабіць некаторыя ўдакладненні. Над імі Францішак працуе ў дадзены момант. “Я думаю, што напрыканцы сакавіка яна будзе закончана і аддадзена на пераклад”, — казаў ён аб будучай энцыкліцы. Паводле Святога Айца, калі не ўзнікне праблем, дакумент з’явіцца летам – у чэрвені або ліпені.

Пантыфік жадае, каб энцыкліка стала яго ўкладам у працу парыжскай канферэнцыі ААН па праблемах клімату, якая пройдзе ў 2015 г. Папярэдні форум, які праходзіў у 2014 г. у перуанскай Ліме, расчараваў Францішка, па прычыне “адсутнасць адвагі” на ім.

Ватыканскае радыё

для друку для друку