Францішак пра значэнне Эўхарыстыі для вернікаў

EuharystyjaЭўхарыстыя з’яўляецца “крыніцай жыцця Касцёла i зарукай будучай хвалы”, — нагадаў Папа, спасылаючыся на саборны дакумент аб экуменізме „Unitatis redintegratio” у лісце да свайго спецыяльнага пасланніка, кардынала Анджэла Баньяска на Італьянскі нацыянальны эўхарыстычны кангрэс. Ён пройдзе 15-18 верасня ў Генуі, арцыбіскупам якой і з’яўляецца кардынал. Апрача таго, іерарх стаіць на чале італьянскай біскупскай канферэнцыі.

Францішак заклікаў усіх будучых ўдзельнікаў Кангрэсу, каб усё больш і больш шанавалі Эўхарыстыю, якая з’яўляецца “сакрамэнтам міласэрнасці, знакам еднасці, повяззю любові”. Вернікі, напісаў да свайго пасланніка Святы Айцец, павінны наталяцца гэтым сакрамэнтам, каб “яднацца як браты паміж сабой і супрацоўнічаць у стварэнні Касцёла і на карысць свету”.

Акрамя таго, Папа заклікаў усіх – калі гэта магчыма – кожны дзень, і перш за ўсё ў жыццёвых цяжкасцях, наведваць Найсвяцейшы Сакрамэнт бясконцай любові Хрыста і Яго міласэрнасці. Вернікі павінны “па-сыноўску размаўляць з Ім, слухаць Яго ў маўчанні і са спакоем давяраць Яму”, — пісаў Францішак. Ён таксама папрасіў удзельнікаў касцёльнага форуму ў Генуі маліцца за яго і за яго служэнне.

Ватыканскае радыё

для друку для друку