Францішак падтрымаў ідэю стварэння сайта пра міграцыю

Папа Францішак адрасаваў адмысловае пасланне італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву “ANSA” з нагоды запуску ім новага праекта па падтрымцы бежанцаў – інфармацыйнага партала Infomigrants.net, распрацаванага сумесна з міжнароднымі тэлерадыёкампаніямі Францыі і Германіі — France Media Monde і Deutsche Welle.

У звароце Пантыфік выказаў сваю прыхільнасць да ўсіх людзей, інстытутаў і асацыяцый, якія праз праекты па падтрымцы бежанцаў з мудрасцю адказваюць на складаны феномен міграцыі, чым “сцвярджаюць чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці, што ляжаць у аснове еўрапейскага грамадства”.

“Хачу выказаць маю шчырую ўдзячнасць за важную ініцыятыву і жадаю, каб яна, з аднаго боку, спрыяла інтэграцыі гэтых людзей з належнай павагай да законаў прымаючых краін, а з іншага, спараджала ў грамадстве абноўленыя намаганні для стварэння сапраўднай культуры прыняцця і салідарнасці”, — гаворыцца ў пасланні Святога Айца.

Наяўнасць шматлікіх бежанцаў, што перажываюць трагедыю міграцыі, Пантыфік назваў “магчымасцю для чалавечага росту, для сустрэчы і дыялогу паміж культурамі з мэтай спрыяння міру і братэрства паміж народамі”.

Францішак запэўніў у малітве за тых, “хто быў вымушаны пакінуць сваю зямлю па прычыне ўзброеных канфліктаў, тэрарыстычных атак, голаду, таталітарнага рэжыму”, каб у любым кутку свету гэтыя мігранты маглі сустрэць братоў і сясцёр, “якія б дзяліліся з імі хлебам і надзеяй на сумесны шлях”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку