Францішак: не быць “прыпаркаванымі” хрысціянамі

Святы Айцец заклікаў вернікаў быць мужнымі, укарананёнымі ў надзеі і здольнымі зносіць цёмныя моманты. Аб гэтым ён казаў 17 студзеня падчас ранішняй Эўхырыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Паводле Папы, вызнаўцы Хрыста павінны ставіцца да жыцця як атлеты, якія рыхтуюцца да спаборніцтваў з цвёрдым намерам здабыць перамогу. Адваротным прыкладам з’яўляюцца “лянівыя” хрысціяне, якія не маюць жадання рухацца наперад, імкнуцца да перамен, рабіць тое, што пойдзе на карысць усім.

“Яны лянівыя, “прыпаркаваныя” хрысціяне , якія знайшлі ў Касцёле цудоўную “паркоўку”. І калі я кажу пра хрысціян, кажу пра свецкіх, святароў, біскупаў… пра ўсіх. Існуюць “прыпаркаваныя” хрысціяне. Касцёл для іх – гэта “паркоўка”, на якой яны захоўваюць сваё жыццё і з якой выязджаюць толькі з усімі магчымымі страхоўкамі. Гэтыя нерухомыя хрысціяне нагадваюць мне пра тое, што нам у дзяцінстве казалі старыя: “Сцеражыся стаячай вады, якая не бяжыць, бо яна псуецца першай”, — сказаў Папа.

Францішак лічыць, што крыніцай хрысціянскай адвагі з’яўляецца надзея – сапраўдны якар, за вяроўку якога трэба трымацца падчас барацьбы і выпрабаванняў. Лянівыя ж вернікі – “пенсіянеры” – яе не маюць. Цудоўна пайсці на пенсію пасля шматлікіх гадоў працы, але “праводзіць усё жыццё на пенсіі – гэта кепска”, сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў адказаць для сябе на пытанні аб стане ўласнай веры: ці жывуць яны шырокімі гарызонтамі, надзеяй, адвагай, рухам наперад або вядуць “цёплае” жыццё, будучы няздольнымі зносіць цёмныя моманты?

Ватыканскае радыё

для друку для друку