Францішак нагадаў пра важнасць бацькі ў жыцці дзіцяці

otcy i deti_1Пра важнасць асобы бацькі ў жыцці дзіцяці нагадаў папа Францішак 28 студзеня  падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Разважаць над гэтай тэмай, на яго думку, неабходна, “бо мы дайшлі да ўсведамлення таго, што жывём у “грамадстве без бацькаў”. “Іншымі словамі, асабліва ў нашай заходняй культуры, постаць бацькі з’яўляецца сімвалічна адсутнай, зніклай, выдаленай.

На першым этапе гэта разумелася як вызваленне: вызваленне ад бацькі-прыгнятальніка, бацькі, якія ўяўляў сабой закон, што навязваўся звонку, бацькі, як цэнзара шчасця дзяцей і перашкоды ў эмансіпацыі і аўтаноміі моладзі.

Сапраўды, у мінулым, у некаторых дамах часам панаваў аўтарытарызм, а ў некаторых выпадках нават прыгнёт: бацькі, якія адносіліся да дзяцей, як да слугаў, не паважаючы асабістыя патрэбнасці іх развіцця; айцы, якія ім не дапамагалі выбраць свой шлях свабодна, (…) прыняць адказнасць за будаванне сваёй будучыні і будучыні грамадства”, — сказаў Пантыфік.

У цяперашні час, паводле папы Францішка, адбылася змена ў накірунку іншай скрайнасці. Праблема нашых дзён заключаецца не ў навязлівай прысутнасці бацькі, але ў яго адсутнасці. Папа адзначыў, што сёння, многія бацькі настолькі засяроджаны на саміх сабе, на сваёй працы і на ўласнай рэалізацыі, што забываюцца пра сям’ю і пакідаюць уласных дзяцей з пачуццём сіроцтва.

“Сёння, на гэтым нашым супольным шляху разважання аб сям’і, я хачу сказаць усім хрысціянскім супольнасцям, што мы павінны быць вельмі ўважлівымі: адсутнасць асобы бацькі ў жыцці дзяцей і моладзі стварае прабелы і раны, якія могуць быць вельмі цяжкімі.

Прычынай псіхічных адхіленняў дзяцей і падлеткаў часта можа быць менавіта гэта адсутнасць, недахоп прыкладу і аўтарытэтнага кіраўніцтва ў іх штодзённым жыцці (…). Адчуванне сіроцтва, якім жывуць многія маладыя людзі, больш глыбокае, чым мы думаем”, — падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што сёння многія дзеці з’яўляюцца “сіротамі ў сям’і”, калі іх бацькі часта адсутнічаюць дома фізічна, але яшчэ больш, калі знаходзяцца побач і не вядуць сябе як бацькі – не выконваюць сваіх выхаваўчых функцый, не перадаюць дзецям, праз уласны прыклад і словы, тых прынцыпаў, каштоўнасцяў і жыццёвых правілаў, “якіх яны патрабуюць, як хлеба”.

otcy i deti_2

“Выхаваўчая якасць айцоўскай прысутнасці становіцца тым больш патрэбнай, чым больш таты вымушаны знаходзіцца далёка ад дому па прычыне працы. Часам здаецца, што таты не дакладна ведаюць, якое месца заняць у сям’і і як выхоўваць дзяцей.

І тады, маючы сумнівы, устрымліваюцца ад гэтага, аддаляючыся і занядбоўваючы свае абавязкі, магчыма, уцякаючы ў сумнеўныя “роўныя” адносіны з дзецьмі.

Гэта праўда, што ты павінен быць сябрам свайму сыну, але не забываючыся, што з’яўляешся бацькам. Калі вядзеш сябе выключна як сябар, роўны свайму сыну – гэта не прынясе карысці хлопцу”, — падкрэсліў Францішак.

Папа нагадаў таксама пра адсутнасць належнай увагі да юнакоў і дзяўчат з боку грамадскай супольнасці, што робіць іх сіротамі, пазбаўленымі бяспечных шляхоў, якімі можна прайсці; настаўнікаў, якім можна давяраць; ідэалаў, якія распальваюць сэрца; каштоўнасцяў і надзей, якія даюць штодзённую падтрымку.

Святы Айцец прызнаўся, што ў сваёй катэхезе закрануў негатыўныя аспекты, звязаныя з айцоўскай адсутнасцю ў сям’і, але паабяцаў, што ў наступную сераду распавядзе пра прыгажосць бацькоўства.

radiovaticana.va

для друку для друку