Францішак: экуменізм – не прадукт касцёльнай дыпламатыі

Papa_Francishak“Адзінства хрысціян з’яўляецца найважнейшым патрабаваннем нашай веры”, — заявіў папа Францішак 10 лістапада падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. “Мы хочам жыць у адзінстве, таму што мы хочам ісці за Хрыстом”, — дадаў ён і спаслаўся на “святарскую” малітву Хрыста.

У інтарэсах сапраўднага экуменізму, Папа заклікаў раскрыць “некаторыя ілжывыя мадэлі камуніі”, якія на самай справе не вядуць да адзінства, але супярэчаць яму па сваёй сутнасці.

Перш за ўсё, адзінства з’яўляецца не вынікам нашых чалавечых намаганняў або прадуктам касцёльнай дыпламатыі, але дарам звыш. “Наша задача ў тым, каб прыняць гэты дар і зрабіць яго бачным для ўсіх”, — заўважыў Папа і дадаў, што “адзінства любові” сярод хрысціян, гэта ўжо рэальнасць, калі паслядоўнікі Хрыста вядуць жыццё, поўнае любові да ўсіх людзей. Усе тэалагічныя і эклезіялагічныя адрозненні, якія да гэтага часу падзяляюць хрысціян, будуць пераўзыдзены з дапамогай Святога Духа, калі мы будзем ісці па гэтым шляху, лічыць Пантыфік.

Па-другое, адзінства – гэта не аднастайнасць, нагадаў ён. Розныя тэалагічныя, літургічныя, духоўныя і кананічныя традыцыі, якія склаліся ў хрысціянскім свеце, калі яны сапраўды караняцца ў апостальскай традыцыі, з’яўляюцца багаццем, а не пагрозай для адзінства Касцёла. Калі мы дазволім кіраваць Святому Духу, разнастайнасць ніколі не прывядзе да канфлікту. Экуменічная задача складаецца ў тым, каб паважаць законную разнастайнасць і ісці да пераадолення непрымірымых рознагалоссяў з адзінствам, якога патрабуе Бог, падкрэсліў Святы Айцец.

Ён назваў і трэці аспект хрысціянскага адзінства: яно не з’яўляецца паглынаннем, не прадугледжвае экуменізму “ў зваротным напрамку”. Экуменізм патрабуе перавесці фокус ад сябе, ад сваіх аргументаў і фармулёвак, на Божае Слова, якое павінна быць пачута, прынята і засведчана. Таму розныя хрысціянскія супольнасці закліканы не “канкурыраваць”, а супрацоўнічаць паміж сабой, звярнуў увагу удзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Папа Францішак.

Ватыканскае радыё

для друку для друку