Францішак адкрыў Святыя дзверы катэдры ў Бангі

AFP3025561_ArticoloСталіца Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі – Бангі, на адзін дзень стала “духоўнай сталіцай свету”. Менавіта так назваў яе папа Францішак 29 лістапада падчас цырымоніі адкрыцця Святых дзвярэй у мясцовым архікатэдральным касцёле – першых, у рамках святкавання Юбілейнага Году Міласэрнасці. У літургіі, якую затым узначаліў Пантыфік, прынялі ўдзел святары, кансэкраваныя асобы і свецкія касцёльныя супрацоўнікі з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі. 

У сваёй гаміліі Папа нагадаў, што ў справе распаўсюджвання Евангелля фінансавыя магчымасці не з’яўляюцца галоўнымі. “Дастаткова падзяляць жыццё Божага народа, даючы сведчанне аб надзеі, якая ёсць у нас, будучы сведкамі бясконцай міласэрнасці Бога”, — сказаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што гэта пакліканне патрабуе ўдасканалення ў любові да ворагаў і прабачэнні. Ён нагадаў, што евангелізатары павінны быць “першымі рамеснікамі прабачэння, спецыялістамі ў прымірэнні і экспертамі ў міласэрнасці”, каб дапамагчы вернікам пераадоліць існуючыя праблемы, пазбавіцца пачуцця помсты і выйсці са спіралі насілля.

Збаўленне Бога мае водар любові. “Паўсюль, таксама, і перш за ўсё там, дзе пануе насілле, нянавісць, несправядлівасць і пераслед, хрысціяне пакліканы даваць сведчанне аб гэтым Богу, які з’яўляецца Любоўю”, — сказаў Папа. Неабходна так любіць адно аднаго, каб гэта прываблівала іншых, заахвоціў Пантыфік.

Напрыканцы гаміліі Францішак звярнуўся да ўсіх, хто выкарыстоўвае імя Бога для апраўдання насілля: “Адкладзіце гэтыя прылады смерці; ўзбройцеся справядлівасцю, любоўю і міласэрнасцю, сапраўдныя гарантыі міру”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку