- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Фотапрывітанне з Панамы: евангелізацыя мясцовых жыхароў

[1]Пасля доўгага цяжкага шляху дэлегацыя моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якая прыме ўдзел у 34-х Сусветных днях моладзі ў Панаме, дасягнула мэты. Маладыя людзі правялі ў дарозе 30 гадзін, з якіх 12 – у самалёце.

Спачатку яны прымаюць удзел у дыяцэзіяльных днях моладзі, якія праходзяць для нашай групы ў дыяцэзіі Калона – Куна-Яла ў горадзе Калон у парафіі Св. Рыты на атлантычным беразе Панамскага канала.

Месцам іх прабывання сталі мясцовыя сем’і ў вёсачцы Эль Піна недалёка ад Панама-Сіці, якія прынялі іх з вялікай радасцю.

“Мы жывём у сем’ях, якія даюць прыклад таго, як сям’я павінна выглядаць і якія сувязі паміж сабой яе члены павінны мець. У маёй сям’і анёльскія дзеці, дзве дзяўчынкі і хлопчык, якія ўжо называюць мяне сястрой”, – кажа Елізавета Богуш з Гродна.

Першыя хвіліны свайго прабывання ў Панаме маладыя людзі нашай дыяцэзіі разам з моладдзю з Сальвадора, Чылі і Дамініканскай Рэспублікі правялі разам: спявалі і танчылі. Прыгожым досведам для іх стала евангелізацыя мясцовых жыхароў: наведваючы іх дамы і дзелячыся з імі Божым словам, яны спявалі і апавядалі аб тым, што такое Сусветныя дні моладзі.

“Людзі жывуць вельмі бедна. Іх дамы больш нагадваюць памяшканні, непрыдатныя для жылля. Сцены мала ў каго загрунтаваны і пафарбаваны, не ва ўсіх нават ёсць зашклёныя вокны, а столь і дах – гэта ў асноўным кавалак бляхі. Але, нягледзячы на гэта, у мясцовых жыхароў багатая душа, яны вельмі добрыя і прыветлівыя”, – адзначае Алена Харольская з Гродна.

[2]

Група нашай моладзі пасля такога кароткага часу ў чужой дагэтуль зямлі знаходзіцца пад вялікім уражаннем. Гэтаму спрыяе добрае надвор’е – у Панаме зараз лета, дзеці і студэнты знаходзяцца на канікулах, там цёпла і прыемна, на дрэвах расце садавіна і паўсюль прыгожыя кветкі.

Kс. Юрый Марціновіч
www.grodnensis.by [3]