7 кастрычніка 2017 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча атрымаў дыякан Алег Хмылко.
Святар паходзіць з парафіі Святога Апостала Андрэя ў Лынтупах. Пасвячэнне дыяканату атрымаў 25 лютага 2017 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе, дыяканскую практыку праходзіў у Глыбоцкай парафіі.
На ўрачыстасць прыбылі святары як з Віцебскай дыяцэзіі, так і з іншых куткоў нашай краіны, а таксама і з-за мяжы, было шмат вернікаў як з Глыбокага, так і госці з іншых парафій. Прыехалі таксама бацькі, родныя, сябры, настаўнікі і землякі новага святара.
Святая Імша распачалася ў 11 гадзін з урачыстага ўваходу святароў і міністрантаў у храм. Узначаліў яе біскуп Алег Буткевіч, які і правёў абрад кансэкрацыі новага святара.
Напачатку богаслужэння іерарх прывітаў усіх святароў, дыяканаў, сясцёр законных, міністрантаў і ўсіх вернікаў. Ён адзначыў, што сёння асабліва ўрачысты дзень не толькі для самога кандыдата на святара, але і для ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, а таксама і ўсяго Каталіцкага Касцёла.
Пасля таго, як было прамоўлена Божае Слова, распачаўся сам абрад пасвячэння.
Напачатку дыякан Алег пацвердзіў сваю прысутнасць, пасля чаго пробашч Глыбоцкай парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч звярнуўся да біскупа з просьбай аб пасвячэнні новага святара. Іерарх спытаў, ці гэты кандыдат годны для гэтага. Святар адказаў, што так, годны.
Далей біскуп Алег прамовіў гамілію да кандыдата на святарства і да ўсіх прысутных.
Сваё казанне ардынарый распачаў з развагі над тым, чым ёсць святарства. Ён прывёў словы святога Папы Яна Паўла ІІ, што святар ёсць распарадчыкам Божых таямніц. Вось ужо дзве тысячы гадоў працягваецца абрад перадачы святарскай улады. Гэты працэс увесь час патрабуе чалавека. Таму іерарх заклікаў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.
Зараз Касцёл выходзіць з перыяду ваяўнічага атэізму, адзначыў біскуп, зараз ужо можна свабодна вызнаваць веру і хадзіць у храм. Але нам цяжка выйсці з гэтага часу, асабліва калі на вуліцах яшчэ стаяць помнікі камуністычным дзеячам і вуліцы носяць іх імёны.
Зараз няма ваяўнічага атэізму, але наступіў перыяд практычнага атэізму, калі чалавек сам пачаў лічыць сябе богам. Шмат хто шкадуе маладых святароў, маўляў, маладыя хлопцы, а без сям’і. Нашто гэта?
Шмат і іншых спакус ёсць на святарскай дарозе. Таму святару трэба заўсёды памятаць, што пераадолець гэтыя ўсе спакусы можна толькі з Езусам Хрыстом. Трэба памятаць, што святарская паслуга — гэта паслуга рук Езуса Хрыста. Гэта Ён сам дзейнічае праз рукі святара. Таму святарства і з’яўляецца вялікім дарам. А заданне святара: прывязваць людзей не для сябе, а для Бога.
А вернікаў біскуп заклікаў маліцца за сваіх святароў, бо святар таксама застаецца чалавекам, якому таксама ўласцівы чалавечыя слабасці. «Таму не асуджайце сваіх святароў, а маліцеся за іх, — прамовіў іерарх. — Да гэтага вас заклікаю і адначасова дзякую за вашу малітву».
Біскуп звярнуўся і да ўсіх святароў з заклікам прыняць у сваю сям’ю новага святара і аказаць яму падтрымку.
Іерарх падзякаваў бацькам кандыдата: «Вы, як Марыя, ахвяруеце свайго сына для Пана. Таму радуйцеся з гэтай нагоды. Бо ніякія іншыя дары не параўнаюцца з тымі дарамі, якія атрымае ваш сын у святарстве».
Самому ж кандыдату біскуп нагадаў, што ён частка Божага плану па збаўленню свету.
Пасля гаміліі кандыдат публічна выказаў сваю згоду атрымаць сакрамант святарства. Ён даў клятву паслухмянасці біскупу.
На пытанне іерарха «Ці хочаш атрымаць гэты дар?» кандыдат адказаў: «Хачу з Божай дапамогай!» На што біскуп прамовіў: «Бог, які распачаў у табе гэту справу, няхай сам яе завершыць». Пасля гэтага дыякан Алег лег крыжам перад алтаром, а ў храме святары і вернікі маліліся Літаніяй да ўсіх святых аб дарах Духа Святога для новага святара.
Пасля літаніі адбылася галоўная дзея — абрад ускладаня рук. Біскуп, а потым і ўсе святары па чарзе ўсклалі свае рукі на кандыдата. Далей біскуп прачытаў кансэкрацыйную малітву, пасля чаго ўжо ксёндз Алег Хмылко апрануў стулу і арнат.
Затым адбылося намашчэнне новага святара і ён атрымаў з рук біскупа хлеб і віно. Далей біскуп, а потым і ўсе святары прывіталі ксяндза Алега пацалункам супакою.
У касцеле пачаўся абрад Эўхарыстыі, у якім ксёндз Алег упершыню прыняў удзел як святар.
Напрыканцы Імшы ксёндз Алег Хмылко падзякаваў Богу і бацькам за гэты свой дар, які сёння атрымаў. Падзякі атрымалі біскуп Алег Буткевіч, які правёў абрад пасвячэня, ксёндз Павел Кнурэк, пробашч парафіі, дзе ўзрастаў будучы святар, ксёндз Мікалай Ціхановіч, адказны за семінарыстаў у Віцебскай дыяцэзіі і пробашч парафіі ў Глыбокім, дзе ксёндз Алег служыў дыяканам, а зараз будзе выконваць абавязкі вікарыя. Падзяку атрымаў і ксёндз Аляксандр Баран з Лынтупаў, дзе павінна адбыцца прыміцыйная Імша ксяндза Алега. Падзякаваў новы святар усім аднакурснікам, рэктарам і выкладчыкам Пінскай і Беластоцкай семінарый, дзе ён навучаўся, а таксама ўсім вернікам, што прысутнічалі ў храме. Біскуп у сваю чаргу таксама выказаў падзякі бацькам і ўсім прысутным, а таксама самому ксяндзу Алегу. Ён заклікаў яго памятаць, што ад сённяшняга дня яго рукі належаць Езусу Хрысту.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа