На здымку — ветракі побач з каталіцкім і праваслаўным храмамі.
Фатаграфія, на якой — ветраныя электрастанцыі каля каталіцкай і праваслаўнай цэркваў пасля моцнага дажджу ў старадаўнім мястэчку Крэва Смаргонскага раёна Беларусі, увайшла ў лік лепшых у конкурсе EU4Energy. Здымак зрабіў беларускі фотакарэспандэнт агенцтва “Франс Прэс” Сяргей Гапон.
На здымку — касцёл Перамянення Пана і царква Аляксандра Неўскага, якія стаяць побач. Заходняе святло добра падсвятляе храмы і ветракі на фоне навальнічнага неба.
Фота беларуса прэтэндавала на самае лепшае, за яго аддалі голас сотні карыстальнікаў сацсетак, у тым ліку — Пінская духоўная семінарыя, Мінскія электрычныя сеткі, Брэсцкі тэхнапарк, Амбасада Францыі, Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, Магілёўскі EPAM.
Аднак большасць галасоў усё ж атрымаў здымак з Грузіі. Удзельнікі змагаліся за беспілотнік, які быў галоўным прызам конкурсу. Цяпер у сацсетках абяцаюць сабраць грошы на дрон для Сяргея Гапона.
Ініцыятыва EU4Energy ўключае падтрымку Еўрапейскага Звязу, накіраваную на паляпшэнне энергазабеспячэння, энергетычнай бяспекі і ўзаемасувязяў, а таксама прасоўванне энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства — Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Рэспубліцы Малдова і Украіне. Еўразвяз аказвае гэтую падтрымку шляхам фінансавання праектаў і праграм, якія спрыяюць рэфармаванні энергетычных рынкаў і скарачэнні нацыянальнай энергетычнай залежнасці і энергаспажывання.
