Фігура св. Міхала Арханёла з найстарэйшага санктуарыя ў Італіі наведала Навагрудак

З 22 па 29 студзеня ў Навагрудскай каталіцкай супольнасці адбылася адметная падзея – перэгрынацыя дакладнай копіі фігуры Св. Міхала Арханёла з гарганскіх гор, што ў Італіі, з найстарэйшага санктуарыя прысвечанага гэтаму святому.

22 студзеня ў 18 гадзін на гарадской плошчы адбылася ўрачыстая сустрэча фігуры, якую прывёз кс. Ігар Лашук, пробашч парафіі ў Стоўбцах, адказны за арганізацыю перэгрынацыі. Падчас урачыстай сустрэчы вернікі яшчэ раз у малітве аддалі Навагрудак заступніцтву св. Міхала арханёла ад ворага ўсяго чалавецтва. Пасля фігура працэсійна была ўнесена ў парафіяльны касцёл, дзе вернікі памаліліся Літаніяй да Міхала Арханёла.

Падчас пропаведзі на св. Імшы, кс. Ігар Лашук заахвоціў вернікаў часцей маліцца да “Князя войскаў нябесных”, раскрыў сутнасць і сэнс наведвання фігуры, а таксама пра асобу заступніка горада Навагрудка.

Падчас кожнага дня перэгрынацыі, якая трывала 7 дзён, былі малітвы праз заступніцтва св. Міхала Арханёла ў паасобных інтэнцыях: аб здароўі душы і цела, за паўсюдны Касцёл і аб святарскіх пакліканнях, за сем’і і моладзь, за паміраючых і душы ў чысцы, за супакой у свеце і за кіраўнікоў дзяржаў, за Касцёл у Беларусі і за ахвярадаўцаў, аб абароне ад злога духа.

Кожную св. Імшу папярэджвала ружанцовая малітва, а пасля Эўхарыстыі былі просьбы і малітвы перад цудоўнай фігурай, а таксама выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту.

Вялікая колькасць людзей, на працягу сямі дзён наведвала храм, каб праз бачны сімвал прысутнасці, якой з’яўляецца фігура, ушанаваць нябеснага абаронцу. Многія, дзякуючы гэтай нагодзе прыступілі да сакраманту споведзі і св. Камуніі. Праз гэтую падзею, можна было адчуць, што св. Міхал арханёл абвяшчаў сваёй асобай прысутнасць Езуса, дзякуючы чаму, без сумненняў, вера вернікаў стала мацнейшай.

Станіслаў Навагран, тэкст
Анастасія Пятрова, фота

для друку для друку