Фестываль арганнай музыкі можа стаць візітнай карткай Пінска

Фестываль будзе праходзіць адзін раз у два гады. Да такога папярэдняга рашэння прыйшлі яго арганізатары.

У Пінску завяршыўся міжнародны фестываль арганнай музыкі, прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Канцэрты пад скляпеннямі катэдры праходзілі на працягу двух месяцаў. Усяго іх адбылося 29. І кожны раз храм быў запоўнены слухачамі.

У мінулую нядзелю адбыўся заключны канцэрт. Пад гукі старадаўняга органа выступіў зводны хор, які складаўся адразу з чатырох калектываў, у тым ліку, удзельнікаў ансамбля ўкраінскай песні і абрадаў «Ватра» з Мінска.

Небывалую цікавасць пінчукоў і гасцей горада да арганнай музыкі вырашана замацаваць і зрабіць фестываль рэгулярным. Да такой высновы прыйшлі яго арганізатары ў асобе Пінскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла і Пінскага гарвыканкама.

– Папярэдне вырашана, што фестываль арганнай музыкі ў Пінску трэба праводзіць адзін раз у два гады, – распавяла начальнік сектара культуры Пінскага гарвыканкама Тамара Дземідзенка. – Ён павінен і можа стаць візітнай карткай нашага горада.

У гэтым фестываліпрынялі ўдзел музыканты з Пінска, Мінска, Полацка, Гродна, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Луцка, Беластока, Кракава. Па словах Тамары Дземідзенкі, цікавасць да яго праяўляюць арганісты з ЗША, іншых краін свету, якія гатовыя прыехаць у Пінск.

Медыя-Палессе

для друку для друку