Фестываль сям’і прайшоў у Навагрудку

Святочнае шэсце, музыка, конкурсы, гульні і забавы – у суботу, 19 мая, у Наваградку прайшоў III Фестываль сям’і, арганізаваны парафіяй Святога Міхала Арханёла. Як і ў папярэднія гады фестываль сабраў шмат сем’яў рознага веравызнання і стаў для навагрудчан сапраўдным святам.

Да пачатку фестывалю ў касцёле Святога Міхала Арханёла адбылася святочная Імша. Затым у суправаджэнні ўдзельніц навагрудскага калектыву мажарэтак удзельнікі свята прайшлі ад плошчы да гарадскога парку, дзе праходзіла асноўная частка фестывалю. Шэсце сем’яў – добрая і яркая фестывальная традыцыя. У пачатку вялікай святочнай праграмы ўдзельнікаў прывіталі намеснік старшыні райвыканкама С.М. Каралько і пробашч касцёла Святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, які адзначыў, што асновай моцнай і дружнай сям’і з’яўляецца любоў і выхаванне дзяцей на аснове агульнахрысціянскіх каштоўнасцей. У інтэрв’ю айцец Юрый сказаў, што яму вельмі прыемна бачыць на свяце шмат сем’яў (не толькі каталіцкіх), што гаворыць аб яго запатрабаванасці ў навагрудчан.

Сямейныя і дзіцячыя конкурсы, выступленне парафіяльнай моладзевай групы «Veni», аквагрым, малюнкі на асфальце, турыстычная пляцоўка, спартыўныя эстафеты і многае іншае – парк напоўніўся дзіцячым гоманам, смехам і радасцю. Дзеці і дарослыя гулялі, спявалі, малявалі і проста весяліліся ад душы. Усе ўдзельнікі гульняў і конкурсаў атрымалі падарункі і памятныя сувеніры. На працягу фестывалю прысутных забаўлялі роставыя лялькі, працавалі атракцыёны. Упершыню дапамагаць арганізоўваць творчую частку фестываля сям’і прыехалі каталіцкія скаўткі з Гродна і Івянца.

У рамках свята прайшло адразу некалькі конкурсаў. Самым смачным стаў традыцыйны конкурс хатняй выпечкі, удзел у якім прынялі 22 сям’і. Лепшыя прысмакі па афармленні і смакавых якасцях журы вызначыла ў трох намінацыях «Торт», «Пірог» і «Пячэнне». Свае вакальныя, танцавальныя і іншыя таленты сем’і прадэманстравалі падчас творчага конкурсу. Усе ўдзельнікі падарылі шмат радасных хвілін журы і гледачам. Лепшымі ж былі прызнаны выступленні сем’яў Крывіцкіх, Скобля, Славінскіх, Апалонік, Курыла, Комар-Дораш, Закрэўскіх. Пераможцы абодвух конкурсаў атрымалі каштоўныя падарункі і прынялі ўдзел у розыгрышы суперпрызоў.

Пастаянныя ўдзельнікі свята – сем’і Славінскіх, Архірыенка і Тарлецкіх. Уладзіслаў Міхайлавіч і Яніна Валяр’янаўна Славінскія пакінулі ўсе хатнія клопаты і разам з дочкамі Вольгай і Таццянай і ўнукамі з задавальненнем завіталі на фестываль.

– Вельмі весела, радасна, шмат конкурсаў і забаў, – падзяліліся яны ўражаннямі. – Мы прынялі ўдзел у конкурсе хатняй выпечкі і творчым конкурсе. Дзеці пабывалі на астраўках, правялі час цікава і карысна. Як і ў мінулыя гады, усё проста выдатна. Дзякуй ксяндзу Юрыю і ўсім, хто прымаў удзел у арганізацыі мерапрыемства. Пабольш бы такіх свят.

Анастасія Пятрова, тэкст і фота

для друку для друку