Фестываль сям’і адбудзецца ў Навагрудку

У суботу 19 мая ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбудзецца ІІІ Фестываль сям’і.

Мерапрыемства распачнецца Святой Імшой у 10:00 у касцёле Святога Міхала Арханёла (вул. Міцкевіча, 1) у інтэнцыі сем’яў. Пасля малітвы адбудзецца ўрачысты парад сем’яў з дзецьмі ў гарадскі парк.

Фестываль сям’і, які мае міжканфесійны характар, плануецца правесці ў двух зонах. Першая зона – канцэртная пляцоўка для выступу моладзі парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. У перапынках паміж выступамі, вядучыя праводзяць сямейныя конкурсы. Для дзяцей будуць працаваць “Забаўляльныя астраўкі”. Для сямей будзе таксама магчымасць прыняць удзел у конкурсе сямейнай выпечкі, а ўсе ўдзельнікі могуць правесці дэгустацыю слодычаў.

Мэтай правядзення мерапрыемства з’яўляецца ўзмацненне статусу сям’і і пашырэнне традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў, такіх як сужанская вернасць і шматдзетнасць.

для друку для друку