- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Феномен іканаборства ў Касцёле

Ikonoklasci-slika-Domenika-Morelija-670x826 [1]Прапаную разгледзець адзін з феноменаў у Каталіцкім Касцёле – іканаборства (знішчэнне іконаў), якое з’явілася ў VIII стагоддзі ва ўсходняй частцы Рымскай імперыі, Візантыі. Гэтая справа выклікала такі сур’ёзны рэзананс у тагачасным каталіцкім свеце, што нават быў скліканы чарговы ўсеагульны сабор, Другі Нікейскі (787 г.).

На саборы пастанавілі, што прадметам хрысціянскага культу і пакланення з’яўляецца не толькі крыж нашага Збаўцы, Езуса Хрыста, але таксама святыя Яго абразы (іконы), постаці Багародзіцы, анёлаў, святых, намаляваныя, складзеныя мазаічна або іншым нейкім спосабам выкананыя. Каб глыбей зразумець феномен іканаборства, варта звярнуцца да тэалогіі, да з’яўлення іконы на гістарычнай касцельнай сцэне.

Мастацтва катакомбаў

Ікона (пераклад з грэцкага – абраз, выява) бярэ свае карані з катакомбавага мастацтва. Гэтае мастацтва само ў сабе было знакавае. Знак заўсёды паказвае на штосьці, на кагосьці або да гэтых штосьці ці кагосьці накіроўвае. Напрыклад, дарожныя знакі. Мэта знака простая: аб’яўленне збаўлення, а праз зашыфраваныя элементы – імкненне паказаць сродкі, якія вядуць да гэтага збаўлення. Знак у катакомбавым мастацтве можна падзяліць на тры групы: знакі, якія маюць дачыненне да вады – каўчэг Запавету, прарок Ёна, Майсей, рыба ці якар; знакі, стасаваныя да Цела і Крыві Хрыста: памнажэнне хлябоў, збожжавыя каласы, вінаградная лаза; трэцяя група – збаўленне – біблійныя юнакі ў палымнянай печы, Даніэль сярод ільвоў, легендарная птушка Фенікс, уваскрослы Лазар і Добры Пастыр. Хаця катакомбавае мастацтва і было ў нейкім сэнсе прымітыўным (хрысціяне мусілі шыфравацца і хавацца), але ўсё ж такі імкнулася прыпомніць і скіраваць да самага важнага ў жыцці хрысціяніна, да Езуса Хрыста – крыніцы ўсялякіх ласкаў.

Сімволіка іконы

Аднак далей, у гістарычнай крутаверці, адбываецца трансфармацыя катакомбавага мастацтва. Яму на змену дзесьці ў IV стагоддзі прыходзіць іканапіс. Такім чынам знакавае мастацтва ператвараецца ў сімвалічнае. Сімвал у адрозненні ад знака ўжо падпарадкаваны нейкай рэчаіснасці і нават, кажучы канкрэтней, удзельнічае ў гэтай рэчаіснасці. Што датычыцца іконы, то менавіта той, хто да яе дакранаецца, як бы акунаецца ў духоўны свет. Адным словам, ікона аб’яўляе звышпрыродную рэчаіснасць. Менавіта ікона разбіла прыняты ў мастацтве трохвугольнік – мастак, твор і глядач, выказваючы тым самым сваю незалежнасць і выўляючы чацвёрты элемент – тэафанію, г.зн., Божую прысутнасць. Таму якраз знаходзячыся перад іконаю, нельга заставацца толькі гледачом: перад іконаю трэба ўкленчыць, трэба маліцца і адараваць прысутнасць Жывога Бога. Не трэба, напэўна, тут прыгадваць, што іканапісец (важна ўсвядоміць, што іконы пішуцца, а не малююцца) павінен прытрымлівацца асаблівых правілаў (канонаў), што, стараючыся аб’явіць Божую рэчаіснасць, павінен трывала маліцца і пасціць.

Італьянская тэхніка іканапісу і пратэстанцтва

Менавіта заходні Касцёл нашыя браты, праваслаўныя, абвінавачваюць у тым, што ён з цягам часу страціў гэтыя іканапісныя прынцыпы. І што пачалося гэта ўжо ў Італіі ў XIV стагоддзя, калі новая школа італьянскіх мастакоў (Giotto, Duccio, Cimabue) прапанавала ў сваіх працах аптычную тэхніку: перспектыўную глыбіню і асвятленне. Гэтае мастацтва, паводле некаторых экспертаў, адыходзячы ад іканапісных канонаў, атрымала тым самым поўную аўтаномію і пачало развівацца больш у свецкім кірунку. З’явіўся, паводле экспертаў, даволі яскрава выражаны эмацыянальны элемент. Тым самым мастацтва ў заходнім Касцёле ператварылася з мастацтва сакральнага ў рэлігійнае. Партрэт, пейзаж, арнамент становяцца яго прэрагатываю. Далей яшчэ горш. Падчас Рэфармацыі Лютар ставіцца да абразоў выключна як да ілюстрацыі. Кальвін у сваю чаргу прымае толькі масавыя гістарычныя сцэны. Для пратэстантаў мастацтва проста перастае быць правадніком Божай рэчаіснасці.

Абагаўленне іконаў

Але ж усё-такі вернемся да іканапіснага крызісу ва ўсходняй частцы Рымскай імперыі. Не варта, думаю, тут прыводзіць дакладныя гістарычныя падзеі той эпохі, калі гэта пачалося і як пачалося. Кожны зацікаўлены сам можа дасканалей пазнаёміцца з гістарычнымі падзеямі ў кнігах або ў навуковых працах. Тут толькі пастараемся знайсці прычыну ці шэраг прычынаў гэтага феномену. Некаторыя з даследчыкаў вылучаюць прычыны палітычныя, некаторыя – сацыяльныя ці эканамічныя. Усім вядомы святар А. Мень, напрыклад, лічыў, што прычынаю такога стаўлення да ікон быў росквіт магічнага мыслення сярод грамадзянаў імперыі. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, некаторыя з вернікаў выкарыстоўвалі іконную фарбу для змешвання з Эўхарыстыяй, іншыя ў сваю чаргу клалі св. Камунію на іконы з выявай святых, каб такім чынам з іх “рук” атрымаць гэты найкаштоўнейшы дар. Паводле а. Аляксандра Меня, людзі пачалі пакланяцца не Богу, а самім іконам, якія станавіліся, такім чынам, сродкам аздараўлення і збаўлення (дарэчы, мы, сучаснікі, на жаль, таксама перажываем нешта падобнае). Таму ўлада, як духоўная, так і свецкая, павінна была неяк рэагаваць на такія праявы “пабожнасці” Божага люду. Але акрамя гэтай версіі ёсць яшчэ адна.

Іслам – прычына іканаборства?

Сто гадоў раней ад гэтых трагічных падзей нарадзілася новая рэлігія – іслам, які пачаў свой трыумфальны паход па тагачаснай Візантыйскай імперыі. Так, менавіта трыумфальны, таму што народы Сірыі, Егіпта лічылі арабаў вызваліцелямі і ў большасці самі адчынялі перад імі брамы сваіх гарадоў, пазбаўляючыся тым самым ад ненавіснага грэцкага палітычнага іга, а таксама ад незразумелага хрысціянства, якое пакрысе перарадзілася ў магію. І здаецца, што гэта версія таксама мае права на існаванне.

Асветніцтва і разумнасць веры

Таму тут напрошваецца выснова, што ў большасці праблемы ў Касцёле, а ў шырэйшым сэнсе і ў дзяржаве, пачынаюцца з недахопу асветніцкай дзейнасці, з неглыбокага разумення сваёй веры, а тым самым і сваёй тоеснасці. Вера хрысціяніна не павінна быць “сляпая”, яна мусіць быць разумнай. Іканаборства было таксама і на нашых землях, калі ў XX стагоддзі ўладу захапілі бальшавікі са сваімі бандыцкімі замашкамі. Сведкі тых часоў расказваюць, што ў Ветцы (Гомельская вобласць) – цэнтры стараабрадства ў Вялікім Княстве Літоўскім – бальшавікі два тыдні цеплілі мясцовую лазню старажытнымі іконамі, а ў часы хрушчоўскай “адлігі” замалёўвалі ацалелыя іконы палавой фарбай. І гэта, на жаль, не адзінкавыя выпадкі. Таму ўсе такія гістарычныя падзеі з’яўляюцца для нас, нашчадкаў, нагодай, каб не толькі задумацца над будучым лёсам свайго Касцёла і ў шырэйшым сэнсе сваёй краіны, але і праяўляць разумнае дзеянне, несучы аўтэнтычнае святло Хрыстовай Добрай Навіны.

а. Віталь Сапега, дамініканін, Віцебск