29 ліпеня ў Лучаі, што на Пастаўшчыне, адзначылі фэст у гонар Святых Ганны і Яўхіма. Традыцыйна фэст збірае шмат вернікаў і гасцей з суседніх парафій.
На пачатку святой Імшы ксёндз Яўген Міхайлаў, які зараз з’яўляецца пробашчам парафіі, прывітаў усіх гасцей, якія сабраліся з розных мясцін. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў ксёндз Ян Пугачоў, пробашч з Германавіч.
Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі святары з Паставаў, Глыбокага, Ахрэмаўцаў, Ушач. У сваім казанні да вернікаў ксёндз Ян Пугачоў павіншаваў вернікаў са святам, асабліва Ганнаў і Яўхімаў і нагадаў, што гэтыя святыя былі бацькамі Марыі, Маці Божай. Узгадаў, што малітва павінна быць у нашым жыцці і трэба адчыняць свае сэрцы на гэта, каб яно не рабілася жорсткім.
На заканчэнне святочнай Літургіі адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам. Пасля ўрачыстай Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі і класічных твораў.
Карына Радзюш, тэкст і фота
