Фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Лучаі

luczaj_krzyzsof09Адпустовая ўрачыстасць у гонар святой Ганны прайшла 25 ліпеня ў Лучаі. Фэст, які атрымаўся найбольш шматлюдным і багатым на ўражанні за апошнія 5 год.

Велічная лучайская святыня ледзь змясціла ў сабе парафіян і вернікаў з розных куточкаў нашай краіны і з замежжа. А колькасць аўтамабіляў, аўтобусаў прыемна ўразіла. У гэты дзень было запланавана асвячэннне транспартных сродкаў з нагоды ўспаміну святога Кшыштафа, апекуна ўсіх вадзіцеляў і падарожных.

Усе кветкі ліпеня былі сабраны да алтароў, каб аздобіць і падкрэсліць прыгажосць гэтай святыні. Заўседы адчуваецца вялікая любоў тых, хто састаўляе кампазіцыі. Перад упрыгожаным алтаром у гонар святой Ганны распачалася падрыхтоўка да святой Імшы адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Разважанні, якія з асаблівай інтанацыяй былі прачытаны семінарыстам Алегам Зямчонкам, заклікалі прысутных, каб ў сваіх сем’ях яны наследвалі прыклад святых Ганны і Яўхіма. Як заступніца і апякунка матуляў святая Ганна дапамагае ў добрым выхаванні дзяцей, бо многа святых не дайшло б да такой дасканаласці і святасці, каб не мелі святых маці. Адзін з мысляроў сказаў, што «у дадатак да іншых дароў Бога, хрысціянская маці – самы каштоўны дар.»

Святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, прайшла у традыцыйным для Лучая каларыце. Прыгожыя маладыя парафіяне ў нацыянальных касцюмах і міністранты, і моладзевы хор, і чыгуначнікі служачыя пры алтары ў форме – усё сведчыла аб жыцці парафіі. Сярод прысутных святароў быў і кусташ Росіцкай святыні: ксёндз Часлаў Курэчка, і ксёндз Ян Пугачоў з Германавіч – папярэднік ксяндза Мікалая, а таксама святары з дэканата.

luczaj_krzyzsof01 luczaj_krzyzsof10

Святочная гамілія, якую прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі была прысвечана сямейным каштоўнасцям і выхаванню маладога пакалення на прыкладзе святых бацькоў Маці Божай. Галоўнае, што павінен выконваць кожны хрысціянін: слухаць слова Божае і поўнасцю давяраць сваю жыццё Пану Богу. Як кажуць у народзе: «Хто Богу давяраецца, той не памыляецца!»

luczaj_krzyzsof07

Скончылася святая Літургія працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам, падчас якой адбылося асвячэнне біскупам Аляксандам Яшэўскім чарговых трох барэл’ефаў. Супольнае выкананне Лучайскага гімну стала апошнім аккордам першай часткі свята. Дарэчы, яго аўтар Алег Зямчонак прадставіў слухачам свой новы высокадухоўны верш, які стаў падарункам ксяндзу біскупу.

А які незабыўны канцэрт чакаў прыхільнікаў добрай беларускай музыкі! Сярод запрошаных выканаўцаў у гэты дзень былі: Лявон Вольскі, Дзмітрый Корсак, Алег Сямёнаў, Іван Буслай, Улад Сіманіс і моладзь. Абаяльная Валянціна Альшанская была вядучай святочнага канцэрта і падаравала слухачам некальні песен у сваім непаўторным выкананні. Весяліліся, спявалі, таньчылі людзі рознага ўзросту. Фэст стаў сапраўдным народным святам. Заваражваючае фаершоў і квяцісты феерверк выклікалі безліч станоўчых эмоцый! Як дораз таго, што свята атрымалася, прысутныя дзякавалі ксяндзу пробашчу хорам выкрыкваючы: «Дзякуй! Маладзец!» і моцнымі апладысментамі. Такія моманты ў жыцці святара з’яўляюцца вельмі шчаслівымі і натхняюць сціплага лучайскага пробашча на новыя ідэі мерапрыемстваў.

luczaj_krzyzsof25 luczaj_krzyzsof27

На заканчэнне свята біскуп Аляксандр, які разам з прысутнымі ўдзельнічаў у свяце на працягу ўсяго вечара, падзякаваў Пану Богу, а таксама ксяндзу Мікалаю за фантастычны фэст і паблаславіў прысутных на шчаслівае вяртанне дадому. Пад зорным лучайскім небам вернікі, як сапраўдныя браты і сёстры, ўзяўшыся за рукі, супольна памаліліся з ксяндзом біскупам, і развіталіся з Лучаем, спадзяючыся вярнуцца ў гэты гасцінны велічны храм ўжо 23 жніўня на Свята ведаў.

Алена Клімза-Колтан, тэкст з luchai.by
Зміцер Лупач, фота

для друку для друку