Фэст у гонар Святога Міхаіла Арханёла адзначылі ў Лужках

luzhki_329 верасня, у дзень Святых Арханёлаў, вернікі лужкаўскай парафіі адсвяткавалі дзень Святога Міхаіла Арханёла. Імя менавіта гэтага Святога носіць касцёл у Лужках. А сёлетняя ўрачыстасць для веруючых стала асабліва адметнай: упершыню мясцовы касцёл наведаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які і ўзначаліў святую Імшу.

Нягледзячы на працоўны дзень, храм быў запоўнены вернікамі. Акрамя мясцовага насельніцтва, на фэст прыехала шмат гасцей з навакольных парафій, у тым ліку святары: Кшыштаф Сілкоўскі, дзекан з Шаркаўшчыны, Ян Пугачоў з Германавіч, Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска. Прысутнічала на свяце і сястра-эўхарыстка Ганна Буткевіч з Віцебска.

Напачатку святой Імшы перад уваходам у касцёл парафіяне ўрачыста, хлебам-соллю сустрэлі біскупа Алега. З прывітальнымі словамі да кіраўніка Віцебскай дыяцэзіі звярнуліся пробашч парафіі кс. Міхаіл Татарэнка і музычны кіраўнік касцёльнага хору Таіса Шабан.

У сваім слове да вернікаў іерарх расказаў пра дзень Святых Арханёлаў і звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што міласэрны Бог клапоціцца пра чалавека і таму дае анёлаў, магутных нябесных заступнікаў, якія заўсёды прысутнічаюць побач з намі, ахоўваюць нас і дапамагаюць.

luzhki_2

Падчас Імшы адбылася працэсія з дарамі. Моладзь прынесла да алтара кветкі, як сімвал прыгажосці свету, садавіну і хлеб, што даюць нам фізічныя сілы, а таксама святыя дары: гостыю, віно і ваду, якія ўмацоўваюць наш дух і яднаюць з Богам. Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне найсвяцейшага Сакраманту. Завяршылася ўрачыстасць святочнай працэсіяй вакол касцёла, удзел у якой прынялі ўсе веруючыя.

luzhki_1

Пасля завяршэння святой Імшы да біскупа, святароў, якія прысутнічалі на ўрачыстасці, і вернікаў звярнуўся кс. Міхаіл Татарэнка. Падчас свайго выступлення ён адзначыў, што веруючыя лужкаўскай парафіі загаддзя і з вялікай адказнасцю рыхтаваліся да святкавання Дня свайго заступніка, Святога Міхаіла Арханёла, і выказаў словы падзякі ўсім, хто мае дачыненне да яго арганізацыі і правядзення. Ад імя ўсіх парафіян шчырыя словы падзякі біскупу і пробашчу выказала жыхарка агр. Дворнава Лілія Шыпіла. З нагоды свята свае віншаванні прадстаўнікам духавенства, усім гасцям і прысутным адрасавалі старшыня сельскага савета Таццяна Краснадубская і дырэктар школы Ларыса Гараніна. Шчырыя словы ўдзячнасці ў гэты дзень прагучалі і ў адрас ксяндза Міхаіла Татарэнкі, які адзначаў свае імяніны.

luzhki_4

Паводле klich.by

для друку для друку