Фармацыйная сустрэча аніматараў прайшла ў Бараўлянах

15-16 лютага ў Бараўлянах адбылася агульнабеларуская фармацыйная сустрэча аніматараў з Мінску, Смаргоні і Бараўлянаў. Аніматары разам з кс. Алегам Каралёвым SDB, кс. Артурам Ляшнеўскім SDB, с. Тэрэсай Сольнічэк FMA і с. Юліяй Клевец FMA на працягу двух дзён разважалі над сёлетнім дэвізам салезіянскай сям’і: “Добрыя хрысціяне і сумленныя грамадзяне”, паведамляе sdb.by

У першы дзень сутрэчы кс. Артур распавёў аніматарам пра волю Бога, даў парады, якія могуць дапамагчы яе распазнаць, і падкрэсліў, што вельмі важна яе выканаць. Потым аніматары падзяліліся на тры групы, у кожнай з каторых было сваё заданне: правесці гульню, малітву і падрыхтаваць слоўка на канец сустрэчы. З дапамогай гэтага задання кожны мог праявіць сябе як аніматар, падзяліцца з іншымі сваёй крэатыўнасцю, набрацца вопыту, а таксама бліжэй пазнаёміцца паміж сабой.

Вечарам аніматары мелі магчымасць паразважаць над канферэнцыяй, пагутарыць адзін з адным, а таксама навучыцца гуляць у новыя гульні. Скончыўся першы дзень адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і слоўкам на добрую ноч, у якім с. Юлія зноў закранула тэму дэвіза.

На наступны дзень аніматары таксама мелі канферэнцыю, падчас якой кс. Алег дапамог прысутным яшчэ лепш зразумець, які сэнс Генеральны настаяцель кс. Анхель Фернандэс Арцімэ SDB і кс. Боско ўклалі у выраз “Добрыя хрысціяне і сумленныя грамадзяне”.

Найважнейшым момантам другога дня стала сустрэча аніматараў з Панам Богам на святой Імшы. Пасля св. Імшы, падсілкаваўшыся смачным абедам, аніматары маглі згуляць у гульні, падрыхтаваныя адной з груп. Скончылася сустрэча падвядзеннем вынікаў фармацыі, агульнай малітвай і слоўкам, у якім моладзь падкрэсліла, што вельмі важна ў штодзённым жыцці быць прыкладам добрага хрысціяніна і сумленнага грамадзяніна для бліжніх.

для друку для друку