У Вялікі чацвер адбылася апошняя Вячэра, якая стала першай Эўхарыстыяй – першай святой Імшой, а таксама стала момантам устанаўлення першых святароў Новага Запавету. У гэты дзень у кожным касцёле адбываецца ўрачыстая святая Імша Вячэры Панскай.
Літургія, якую ўзначаліў вікарый парафіі кс. Іван Кароткін, распачалася ўрачыстай працэсіяй уваходу ў святыню. На самым пачатку Імшы словы віншавання і падзякі святарам скіравалі прадстаўнікі парафіі, Легіёну Марыі і моладзі.
Падчас гаміліі кс. Іван асабліва акцэнтаваў увагу на два важныя моманты гэтага дня:
“1. “Бярыце і ешце, гэта ёсць Цела Маё”. Таямніца Эўхарыстыі – сакрамант Цела і Крыві Хрыста з’яўляецца найвялікшай таямніцай нашай веры. У незразумелы для нашага розуму і нябачны для нашых вачэй спосаб Езус прысутнічае ў Эўхарыстыі. Словамі закліку есці Яго Цела і піць Яго Кроў, Хрыстос не заклікае нас прымаць Яго да сваіх страўнікаў, але прымаць Яго да сваіх сэрцаў, прымаць Яго ў сваё жыццё і станавіцца з Ім нечым непадзельным. Цела Хрыста – Эўхарыстыя – з’яўляецца нашым духоўным спажыткам, які дае нам сілы, дапамагае трываць у Божых ласках, аздараўляе нашы сэрцы ад ран граху і дае нашай душы вечнае жыццё. Без Эўхарыстыі чалавек становіцца мёртвым, бо губляе цесную сувязь з Хрыстом.
2. “Гэта чыніце на Маю памяць”. Каб Эўхарыстычная Ахвяра на працягу стагоддзяў магла збіраць вакол сябе вернікаў, Езус устанаўлівае сакрамант святарства. Без святарства няма Эўхарыстыі, таксама як без Эўхарыстыі не існуе святарства. Гэтыя сакраманты непадзельна звязаныя адзін з адным, і праз іх Хрыстос сам дзейнічае ў сваім Касцёле. “Чыніце гэта”, – Хрыстус не кажа толькі “абвяшчайце”, “распавядайце” – кажа: “чыніце”, што з’яўляецца рашаючым словам. Святарства з’яўляецца Сакрамантам Чыну, сакрамантам Хрыстовага, збаўчага Чыну, які ў Вячэрніку быў перададзены ў рукі Апосталаў, а праз іх у рукі кожнага святара. ”
Пасля гаміліі, адбыўся сам абрад абмыцця ног дванаццаці мужчынам, які Езус учыніў для сваіх вучняў. Хрыстус як сапраўдны Настаўнік на ўласным прыкладзе чарговы раз падкрэслівае вучням важнасць служэння адзін аднаму. Ён даў зразумець, што нельга аддзяляць службы ад Эўхарыстыі.
На заканчэнне св. Імшы Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены з галоўнага алтара ў Цямніцу, дзе будзе знаходзіцца аж да Вялікай пятніцы, каб кожны вернік меў магчымасць адараваць Езуса хоць праз некаторы час.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
для друку