Езус і дзеці. Як дапамагчы нашым дзецям расці ў любові да Езуса?

Што кажа Пісанне пра Езуса і дзяцей? У Евангеллі ад Марка (10, 13-16) гаворыцца: «Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: „Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго“. І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі».

Гэты ўрывак затрымаўся ў маёй галаве, калі я стала мамай. Я зразумела, што…

Езус і дзеці маюць асаблівую сувязь

Мы, бацькі, павінны развіваць гэтую сувязь з самага маленства дзіцяці. Я памятаю, як шаптала на вушка маім маленькім дзеткам, калі ўкладвала іх спаць: «Езус любіць цябе, мама любіць цябе, татка любіць цябе», маючы на ўвазе, што Езус, Марыя і Юзаф любяць іх.

Гэта была мая сістэматычная малітва, калі яны былі яшчэ маленькімі і не маглі вымавіць ні слова. Я хацела, каб яны адчувалі любоў Езуса і адчувалі сябе шчаслівымі.

Я думаю, што мы, бацькі, павінны спачатку дапамагчы нашым дзецям адчуваць сябе любімымі Езусам. Толькі пасля гэтага мы зможам навучыць нашых дзяцей маліцца.

Езус сказаў: «Такім належыць Валадарства Божае»

Маленькія дзеці павінны пазнаваць Бога, любіць Бога і, па меры таго як яны растуць, вучыцца рабіць Божыя справы на зямлі, таму што яны з’яўляюцца спадкаемцамі Валадарства Божага. А як мы, бацькі, упісваемся ў гэты план? Хіба мы «наглядчыкі» гэтых «каралеўскіх» дзяцей?

Так, нашы дзеці, па-першае, належаць нашаму Нябеснаму Айцу. Яны дадзены нам як дар. Ці гэта нашы ўласныя дзеці, ці іншыя — усе яны належаць Богу. Калі мы атрымалі магчымасць клапаціцца пра іх, то гэта наш першы абавязак — дапамагчы ім дасягнуць сваёй мэты на зямлі — навучыць іх веры ў Бога, развіваць іх любоў да Бога і дапамагчы ім працаваць для Божага Валадарства.

Чытаючы ў Святым Пісанні пра Езуса і дзяцей, мы не можам знайсці сабе ніякага апраўдання, каб спыніць дзіця ў навучанні пра Бога і любові да Езуса.

Мы павінны адкінуць нашыя агульныя адгаворкі тыпу: «у нас няма часу, каб маліцца як сям’я, бо нашы працоўныя гадзіны супадаюць з часам малітвы»; «у нас ёсць спартыўныя секцыі ў нядзелю, яны супадаюць з часам Імшы ў касцёле»; «мы бяром штогадовыя сямейныя адпачынкі на Каляды і Вялікдзень, таму не можам удзельнічаць у касцёльных урачыстасцях»; «толькі на выходныя дні ў нас ёсць магчымасць адпачыць або зрабіць што-небудзь па доме»; «мы не ведаем Бібліі, мы не ведаем асноўных малітваў, таму не можам вучыць нашых дзяцей праўдам веры»; «гэта абавязак святароў, манашак і катэхетаў — даваць дзецям веды пра Бога, таму мы пасылаем іх на заняткі па рэлігіі»; «нашы дзеці-падлеткі маюць працу ў выходныя дні, яны проста не могуць трапіць у касцёл ці памаліцца разам з сям’ёю»; «нашы дзеці вучацца ў сярэдняй школе — яны павінны шмат займацца, каб падрыхтавацца да экзаменаў і завяршыць свае школьныя заданні… »

Усе гэтыя прычыны — толькі малая частка прыкладаў таго, як мы стрымліваем нашых дзяцей на шляху да Езуса.

Мы павінны знайсці час, шляхі і сродкі, каб даць нашым дзецям усю падтрымку і кіраўніцтва, каб расці ў сваёй веры. Вера — гэта дар ад Бога, але ўсё ж, калі яе не сілкаваць, яна можа звянуць, як маленькая раслінка, якая памірае без вады (асабліва, калі моцна свеціць сонца альбо дрэннае надвор’е).

Памятайце, што Езус і дзеці знаходзяцца ў асаблівай сувязі. Мы, бацькі, у партнёрстве з Богам павінны дапамагчы гэтай любові расці.

ave-maria.by паводле family-prayer.org
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай

для друку для друку