І звычайны тыдзень, 13 студзеня, субота

View Calendar
2018-01-13 Весь День
  • 1 Сам 9, 1–4. 17–19; 10, 1а
  • Пс 21 (20), 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 2а)
  • ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 2, 13–17

У той час:

Езус зноў выйшаў да мора. І ўсе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх. Праходзячы, убачыў Ён Левія, сына Алфея, які сядзеў каля мытні, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Той устаў і пайшоў за Ім.

Калі Езус узлягаў за сталом у ягоным доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў былі разам з Езусам і Ягонымі вучнямі. Бо шмат было тых, хто ішоў следам за Ім. Кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?

Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; Я не прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшнікаў.

Якія ж кароткія простыя словы: “Ідзі за Мною”, а якая рашучая рэакцыя. Божы дар і імгненнае прыняцце з боку чалавека. Ці ж не было тут ранейшай падрыхтоўкі, чакання, суму па тым, што Божае? Чарговае цудоўнае аздараўленне – Езус вызваляе духа чалавека, прыгнечанага матэрыяй. Левій выражае Езусу сваю ўдзячнасць такім простым людскім спосабам: робіць для Езуса гасціну. Але ёсць там таксама калегі Левія. Езус прагнуў не іх тлустых страваў ці дарагога віна, а іх несмяротных, пакалечаных душаў. Падобным чынам, як не патрэбна Яму была вада самаранкі ці ежа, якую тады прынеслі вучні. Патрэбныя Яму перш за ўсё душы загубленай самаранкі і яе землякоў. Як і не патрэбна Яму было віно ў Кане Галілейскай (Ян 4, 1-42), якое Ён сам учыніў з вады, як і не патрэбны быў той хлеб на пустыні, які Ён мог атрымаць з камянёў (Мц 4,3).

Пане Езу, я не адважваюся залічваць сябе да праведнікаў, залічваю сябе хутчэй да грэшнікаў: “Няма ніводнага праведніка, бо ўсе зграшылі…” (Рым 3,10). Таму Ты патрэбны мне як Лекар. Залічваючы сябе да грэшнікаў, я непахісна перакананы, што Ты будзеш са мною. Займаючы месца за эўхарыстычным сталом, агледзь мае раны і аздараві іх.

Ля якой “мытні” я часта праседжваю сваё жыццё?
Ці заклік “ідзі за Мной” не заглушаецца дакорамі сумлення, расчараваннямі, няўдачамі?
Да каго я адчуваю сябе найбольш падобным: да мытнікаў, фарысеяў ці Левія?

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь