27 звычайны тыдзень, 12 кастрычніка, пятніца

2018-10-12 Весь День

Некаторыя хрысціяне габрэйскага паходжання былі ў старажытнасці перакананыя, што абразанне неабходна, каб удзельнічаць у спадчыне Абрагама, гэта значыць, быць удзельнікамі Запавету, заключанага з Майсеем, без якога, у сваю чаргу, немагчыма належыць да Хрыста.

Перш за ўсё, св. Павел тлумачыць, што мы становімся сынамі Абрагама дзякуючы веры. Абрагам быў пастаўлены ля вытокаў веры, менавіта таму, што паверыў абяцанню пра будучых нашчадкаў. Такім чынам, і мы становімся сынамі Абрагама не па паходжанню цела (Мц 3,9; Ян 8,39), а дзякуючы веры. Вера Абрагама і яго сыноў у веры – гэта падстава Божага благаславення, якім Пан надзяліў яго і ўсе народы: “У табе благаслаўлёныя будуць усе народы” (Быц 12,3).

У першым чытанні св. Павел выкрывае фарысейскі менталітэт, які выкананне актаў, прадпісаных Законам, чыніць неабходнай ўмовай для апраўдання чалавека перад Богам, тым самым адкідваючы Божую міласэрнасць, якую абвяшчалі прарокі, а ў канцы – і  сам Хрыстус. Апостал кажа: “Усе, хто спадзяецца на ўчынкі паводле Закону, знаходзяцца пад праклёнам”, бо ніхто не ў стане выканаць ўсіх прадпісанняў без памылкі і занядбання (Лк 11, 45-47) і такім чынам атрымаць справядлівасць па Закону. Вызваленне з гэтага праклёну дае нам Хрыстус, які стаўся “праклёнам за нас”, беручы на сябе нашыя грахі, каб апраўдаць нас перад Айцом і даць нам дар Духа Святога, які робіць чалавека здольным да жыцця ў любові. А любоў з’яўляецца заканчэннем Закону (Рым 10,4).

Чым з’яўляецца для мяне вера: аднаразовымі актамі ці крыніцай штодзённай радасці і сілай для пераадолення расчараванняў?

Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь