15 лютага, чацвер пасля Папяльца

View Calendar
2018-02-15 Весь День
  • Дрг 30, 15 — 20
  • Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: Пс 40 (39), 5а)
  • ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 22 — 25

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго. Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе самога загубіць ці пашкодзіць сабе?

За некалькі тысяч год да таго, як Бог паклікаў прарокаў і спаслаў чалавецтву Збаўцу, Ён праз Маісея прамовіў да выбранага народа словамі, актуальнымі і ў нашыя дні. У Кнізе Другазаконня гаворыцца пра тое, што кожны чалавек мае права выбару. Маісей сказаў габрэям: «…Я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло». Чалавек сам вырашае, па якім шляху ісці. Найважнейшае ў нашым жыцці — зрабіць правільны выбар, гэта значыць, выбраць Бога і ўсё тое, што Ён дае для нашага збаўлення.

Маісей таксама звяртае ўвагу на час, у якім ажыццяўляецца гэты выбар, і ўжывае слова «сёння». Гэта значыць, што свой выбар мы павінны рабіць тут і цяпер, не адкладваючы на потым, на некалькі тыдняў альбо нават гадоў.

У хрысціянскім жыцці гэты выбар датычыць удзелу ў святой Імшы, ў споведзі і іншых сакрамэнтах, чытання Святога Пісання, духоўнай літаратуры, выканання добрых спраў…

Бацькі вельмі часта яшчэ да нараджэння дзіцяці думаюць пра тое, як выбраць добры раддом, каб роды прайшлі добра, без ускладненняў. Калі дзіця народзіцца, клапоцяцца пра добры садок, у якім можна атрымаць добрую падрыхтоўку да школы. Калі дзіця вучыцца ўжо ў старэйшых класах, дбаюць пра добрых рэпетытараў, каб сын або дачка паступілі ва ўніверсітэт і, атрымаўшы адукацыю, маглі ўладкавацца на добрую працу з высокаю зарплатай. І гэта правільна. Але што датычыць духоўнай адукацыі, то вельмі часта яна заканчваецца пасля першай споведзі і Першай Камуніі. Добрая адукацыя адкрывае перад чалавекам самыя разнастайныя магчымасці ў гэтым свеце. А развіццё духоўнасці адкрывае перад чалавекам брамы Нябеснага Валадарства. Таму, гаворачы пра добры выбар, які бацькі могуць учыніць дзеля сваіх дзяцей, мы заклікаем: «Не будзьце бяздушнымі да душаў вашых дзяцей».

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь